Аляксандр Раманавіч Пшчолка
Аляксандр Раманавіч Пшчолка (1869, в. Чарсцвяды, Лепельскі павет, Віцебская губерня, цяпер Ушацкі раён, Віцебская вобласць — 1943; Псеўданімы і крыптанімы: Белорусс, А. Крицкий, А. П – ко, А. Р. П – ко) — беларускі празаік, публіцыст, этнограф.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і дзяка. Скончыў Віцебскую праваслаўную духоўную семінарыю (1890). Служыў у Віцебскім Маркавым манастыры (1890—1891), потым тры гады быў псаломшчыкам. З 1894 выкладаў агародніцтва і садоўніцтва ў сельскагаспадарчай школе, працаваў народным настаўнікам у школе в. Арэхаўна. У 1900—1907 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Юр’еўскага універсітэта.
З 1907 жыў у Вільні, працаваў у акруговым судзе. Напярэданні Першай сусветнай вайны — ён міравы суддзя ў Себежы, у час вайны перабраўся ў Гарадок, дзе выкладаў гісторыю ў народнай школе.
З 1918 працаваў адвакатам пры Полацкім губернскім судзе, выкладаў геаграфію ў лясным тэхнікуме. З 1927 жыў у Старой Таропе(руск.) бел. Калінінскай вобласці, займаў пасаду адваката ў мясцовым судзе. У 1937 выйшаў на пенсію.
Друкаваўся з 1898 года ў «Витебских губернских ведомостях», пазней у газетах «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на беларускай і рускай мовах.
Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў, дзе паказаў неўладкаванасць і бюракратызм мясцовых чыноўнікаў. У этнаграфічных нарысах апісваў народныя звычаі і абрады Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Беларускія святы»).
Пад яго рэдакцыяй выдадзена паэма «Тарас на Парнасе».
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 149.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 12.
- Пшчолка Аляксандр // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т. 5. — С. 85.