Андрэй Юльянавіч Бараноўскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бараноўскі. Андрэй Юльянавіч Бараноўскі (1895, засценак Вялікія Машчыцы, Слуцкі павет Мінская губерня, цяпер Слуцкі раён — 1 верасня 1938, Менск, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік, мовазнаўца.
Біяграфія
Паходзіў з дробнай вясковай шляхты. У 1913 скончыў Слуцкае праваслаўнае духоўнае вучылішча, у 1914 здаў экстэрнам іспыт на званне настаўніка. У маі 1915 прызваны ў расійскае войска, служыў пісарам, справаводам.
Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 вярнуўся ў родную вёску. Падчас нямецкай акупацыі працаваў на гаспадарцы. З прыходам бальшавікоў служыў справаводам у Слуцкім ваенным камісарыяце. З пачаткам польска-савецкай вайны эвакуіраваўся ў Рослаўль Смаленскай губерні. Там пазнаёміўся з Палутай Бадуновай, з якой паехаў у Маскву для перагавораў ад імя ЦК БПСР з бальшавікамі. Стаў сябрам партыі беларускіх эсэраў, па заданні якой вярнуўся на радзіму і стаў ініцыятарам узнаўлення Слуцкага беларускага нацыянальнага камітэта.
Пасля заканчэння Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў у 1920 годзе выкладаў беларусазнаўства ў слуцкіх школах. Засноўваў у Слуцкім павеце беларускія школы, культурніцкія арганізацыі і кааператывы. Адзін з кіраўнікоў таварыства «Папараць-кветка», узначальваў работу яго драматычнай дружыны, рэдагаваў газету «Наша Каляіна». Быў прыхільнікам супрацоўніцтва з бальшавікамі.
Пасля прыходу Чырвонага войска ў ліпені 1920 загадваў школьным аддзелам Слуцкага рэўкаму. У першай палове 1920-х гадоў жыў у Слуцку, працаваў настаўнікам, інспектрам акруговага аддзела народнай адукацыі. Арганізаваў у горадзе першую канферэнцыю па беларусазнаўстве.
У 1921 разам з іншымі членамі БПСР арыштаваны ДПУ і месяц знаходзіўся ў вязніцы. Напачатку 1922 ізноў арыштаваны па справе беларускіх эсэраў.
Пасля Менскіх вышэйшых курсаў беларусазнаўства ў 1924 выкладаў у Аб’яднанай беларускай ваеннай школе ў Менску, адначасова працаваў у камісіі Інстытуту беларускай культуры па складанні слоўніка беларускай вайсковай тэрміналогіі.
Удзельнічаў у ліквідацыйным з’ездзе партыі беларускіх эсэраў у чэрвені 1924 года. У 1930 пазбаўлены работы ў ваеннай школе. З 1933 працаваў у геадэзічнай майстэрні Белдзяржтранса Наркамата земляробства БССР.
Арыштаваны НКВД БССР 26 студзеня 1938 года па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай і антысавецкай дзейнасці на Случчыне і ў Менску ў 1920-х гг. Асуджаны «тройкай» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны магчыма ў Курапатах. Рэабілітаваны 4 лютага 1960 года «з-за адсутнасцю складу злачынства». Заяву на рэабілітацыю падавала яго жонка Аляксандра Янчук, былая актрыса драматычнага гуртка «Папараць-кветка». Ёй вярнулі некаторыя асабістыя рэчы Бараноўскага: фотаапарат (Андрэй быў аматарам фотасправы), і выданне «Малой Советской Энциклопедии».
Зноскі
Літаратура
- Андрэй Бараноўскі / Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка. Слуцкі раён. Мн., 2001. Кн. 1. С. 257—258
- Слуцкі збройны чын 1920 г. ў дакументах і ўспамінах. Мн., 2001. С. 291—302.