Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Тоўсцік.
Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік (15 лістапада 1925, в. Чыкілі, Глускі раён, Бабруйская акруга — 1 сакавіка 2009) — беларускі журналіст, грамадскі дзеяч. Заслужаны работнік культуры БССР (1979).
Біяграфія
Брат беларускага эканаміста Мікалая Тоўсціка. Вучыўся ў Глускай СШ № 2. Скончыў літаратурны факультэт Бабруйскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута (1954), Мінскі педагагічны інстытут (1957).
У Вялікую Айчынную вайну прымаў удзел у партызанскім руху. Пасля вызвалення раёна ад нацысцкіх захопнікаў прызваны ў армію, удзельнічаў у барацьбе супраць бандытызма на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
З 1950 года працаваў інструктарам Бабруйскага абкама ЛКСМБ, першым сакратаром Чырвонаслабадскога РК ЛКСМБ, адказным арганізатарам ЦК ЛКСМБ. У 1953—1960 гадах — загадчык аддзела, намеснік рэдактара газеты «Чырвоная змена». З 1960 года — на партыйнай рабоце: інструктар аддзела прапаганды і агітацыі, загадчык сектара друку, выдавецтваў і паліграфіі, намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Кампартыі Беларусі. У 1973—1986 гадах працаваў рэдактарам газеты «Звязда».
Член ЦК КПБ у 1976—1990 гадах, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 9-га, 10-га і 11-га скліканняў. У 1973—1987 гадах — старшыня праўлення Саюза журналістаў БССР. Удзельнічаў у рабоце 29 сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1974).
З 1987 года на пенсіі. Працаваў у Беларускім фондзе культуры, займаўся пытаннямі вяртання ў краіну беларускіх нацыянальных каштоўнасцей, якія ў розныя часы былі вывезены з Беларусі.
Узнагароды
Мае шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды, два медалі імя Юліуса Фучыка Міжнароднай арганізацыі журналістаў.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 462. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1), ISBN 985-11-0035-8.