wd wp Пошук:

Барыс Міхайлавіч Мікуліч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мікуліч.

Барыс Міхайлавіч Мікуліч (6 (19) жніўня 1912, Бабруйск — 17 чэрвеня 1954, с. Машукоўка, Краснаярскі край; Псеўданімы: Б. Міхайлаў, Барыс М.; Крыптанімы: Б. М., БаМ, Б. М-ч, М. Б.) — беларускі пісьменнік, празаік, крытык.

Біяграфія

З 1928 член бабруйскага філіяла «Маладняка». З 1929 працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст». У 1930 пераехаў у Мінск. Працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР; стыльрэдактарам, адказным сакратаром у газеце «Літаратура і мастацтва». Потым зноў вярнуўся ў выдавецтва на пасаду рэдактара (падчас арышту загадчык аддзела газеты). У 1930 вучыўся ў Мінскім беларускім педагагічным інстытуце (МБПІ), на літаратурных курсах у Маскве (1934—1936). У 1936 у Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Мінску. Член СП БССР з 1934. У 1936 чытаў курс гісторыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Інстытуце журналістыкі (Мінск). Да 1936 выдаў 7 мастацкіх кніг. Быў членам ВЛКСМ.

Творчасць

Пачаў публікавацца з 1927 (часопіс «Маладняк»). У даваенны час выдаў зборкі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Тэматыка твораў гэтага перыяду: падзеі грамадзянскай вайны, паслякастрычніцкая рэчаіснасць, складанасць барацьбы новага і старога ў тагачаснай вёсцы. Адлюстраваў рамантыку рэвалюцыйнай эпохі, небывалы ўздым і працаздольнасць свайго пакалення. Друкаваў рэцэнзіі, агляды тэатральнага рэпертуару. Перажыў нападкі на свае творы («Наша сонца», «Дужасць») з боку крытыкаў-вульгарызатараў (А. Кучар). У пасляваенны час у Ашгабадзе напісаў 1-ю частку рамана «Адвечнае» (надр. 1972) з задуманай эпапеі пра руска-французскую вайну 1812. У 1947—1949 шмат пісаў, асабліва пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны (аповесці «Цяжкая гадзіна», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», «Палеская аповесць»), аднак апальнага пісьменніка ніхто не друкаваў. Аповесць «Развітанне» прысвечаная М. Багдановічу апублікаваная ў 1959. У 1946—1949 напісаў у жанры дзённікавых запісаў «Аповесць для сябе» апублікаваную ў 1987—1988 і 1993, у якой змясціў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыццё Беларусі ў 1920—1950-я, сваё жыццё ў лагерах і турмах. Лепшыя творы Б. Мікуліча вылучаюцца псіхалагізмам, глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары, жывой выразнай мовай.

Рэпрэсіі

Арыштаваны 26.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Чырвоназвёздная, д. 7, кв. 2., асуджаны пазасудовым органам НКУС 5.10.1937 як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў ППК. У 1937 пераведзены ў Марыінск Новасібірскай вобласці, у 1938 г. — у Рашоты Краснаярскага края. У 1943 г. быў пераведзены ў катэгорыю ссыльных. Пасля вызвалення ў 1946 г. пераехаў у Ашгабад да старэйшай сястры Кацярыны, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. У чэрвені 1947 г. без дазволу ўлад вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. У лістападзе 1947 г. з яго была знята судзімасць. У 1947—1949 гг. працаваў у бабруйскай бібліятэцы. Звярнуўся да гістарычнай тэматыкі, падрыхтаваў аповесць пра М. Багдановіча. Актыўна пісаў, але яго творы не публікаваліся. Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949 г., высланы ў Сібір на вечнае пасяленне. Жыў у сяле Машукоўка Краснаярскага края, дзе і памёр. Рэабілітаваны 29 снежня 1954, праз тры месяцы пасля смерці. Асабовая справа М. № 9935-с з фотаздымкам захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творы

  • Выбранае. Мн., 1959;
  • Аповесці. Мн., 1985;
  • Палеская аповесць: Аповесці, апавяданні. Мн., 1991;
  • Аповесць для сябе . – Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 236, [2]с. – 3900 экз. – ISBN 5-340-01101-1.
  • Мае залатыя мары : творы. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 266, [2] с. – 500 экз. – ISBN 978-985-02-1789-9.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be