Беатрыкс Потэр
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Потэр. Беатрыкс Потэр (Элен Беатрыкс Потэр, англ.: Beatrix Potter, 28 ліпеня 1866, Кенсінгтон, Лондан — 22 снежня 1943, графства Камбрыя) — англійская дзіцячая пісьменніца і мастак.
Біяграфія
Раннія гады
Бацькі Беатрыкс жылі на спадчыну ад гандлю бавоўнай. Бацька, Руперт, большасць часу прысвячаў свайму захапленню мастацтвам і фатаграфіяй, а маці, Хелен, бавіла час у таварыстве пісьменнікаў, мастакоў і палітычных дзеячаў. Брат Беатрыкс Бертрам нарадзіўся праз шэсць гадоў пасля сястры і быў яе блізкім сябрам. У шэсць гадоў яго адправілі вучыцца ў школу-інтэрнат.
У Беатрыкс было закрытае і самотнае дзяцінства, тыповае для дачок буржуазных сем’яў віктарыянскай эпохі. Яе навучаннем займаліся гувернанткі, і яна рэдка бачылася з іншымі дзецьмі.
У Потэр былі асабліва блізкія адносіны з бацькам, і менавіта ён першым прызнаў яе мастацкі талент.
Беатрыкс вельмі любіла жывёл і вывучала іх усё жыццё. У дзяцінстве яны з братам трымалі ў класным пакоі жабак, мышэй, вожыка, трытона Ісаака Ньютана і кажана. Яна назірала за імі і малявала іх, паступова ўдасканальваючы сваё майстэрства. Потым яна пачала маляваць звяркоў у вопратцы, што было на той час наватарствам.
У Беатрыкс таксама было два трусікі, якім яна прысвяціла шмат ілюстрацый. Аднаго з іх, трусіка Пітэра, яна паўсюль брала з сабой, нават у цягнік, і вадзіла яго на павадку. На малюнках яна апранала яго ў сінюю куртачку — гэты вобраз вядомы ва ўсім свеце. Менавіта пра Пітэра яна напісала сваю першую казку з уласнымі ілюстрацыямі.
Літаратурная і мастацкая кар’ера
У 1902 годзе выдавец Фрэдэрык Уорн надрукаваў казку пра трусіка Пітэра, ад якой да таго адмовілася некалькі іншых выдавецтваў. Да 1910 году Беатрыкс Потэр пісала, ілюстравала і публікавала прыблізна па 2 кніжкі на год. Яна атрымлівала ганарары, якія давалі ёй пэўную незалежнасць, хоць яна ўсё яшчэ жыла з бацькамі. У 1905 годзе выдавец Беатрыкс Норман Уорн зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца, і яна адказала згодай. Праз некалькі тыдняў Норман памёр ад раку крыві. У тым жа годзе Беатрыкс набыла ферму «Хіл Топ» у вёсцы Сарэй у Азёрным краі, дзе бавіла шмат часу пасля смерці Нормана.
Пасля 1920 году Потэр пачала страчваць зрок і малявала ўсё менш. Цяпер яе кнігі збольшага складаліся з эскізаў і малюнкаў, выкананых раней. Апошняя буйная яе праца — «Апавяданне пра парася Робінсана», апублікаванае ў 1930 годзе.
Азёрны край
Яшчэ ў 16 гадоў, калі Беатрыкс пабывала ў Азёрным краі, яе так зачаравала яго прырода, што яна вырашыла аднойчы абавязкова там пасяліцца. На ілюстрацыях Беатрыкс Потэр лёгка можна пазнаць яе дом і сад.
У 1913 годзе, калі ёй было 47, Беатрыкс выйшла замуж за натарыуса Уільяма Хіліса з вёскі Сарэй і канчаткова там асталявалася.
Беатрыкс Потэр была адной з першых, хто актыўна займаўся захаваннем прыроды Англіі. Паступова яна скупіла фермы збяднелых суседзяў, дазволіўшы ім весці гаспадарку.
У 77 гадоў Беатрыкс Потэр памерла ад цяжкай формы бранхіту. Яна пакінула 4000 акраў зямлі і 15 фермаў у спадчыну Нацыянальнаму парку.
Памяць
У 2006 годзе выйшаў мастацкі фільм пра пісьменніцу пад назвай «Міс Потэр», дзе галоўную ролю выканала Рэнэ Зелвегер.
Творы
23 казкі
- The Tale of Peter Rabbit (1902)
- The Tale of Squirrel Nutkin (1903)
- The Tailor of Gloucester (1903)
- The Tale of Benjamin Bunny (1904)
- The Tale of Two Bad Mice (1904)
- The Tale of Mrs. Tiggy-Winkle (1905)
- The Tale of the Pie and the Patty-Pan (1905)
- The Tale of Mr. Jeremy Fisher (1906)
- The Story of A Fierce Bad Rabbit (1906)
- The Story of Miss Moppet (1906)
- The Tale of Tom Kitten (1907)
- The Tale of Jemima Puddle-Duck (1908)
- The Tale of Samuel Whiskers or, The Roly-Poly Pudding (1908)
- The Tale of the Flopsy Bunnies (1909)
- The Tale of Ginger and Pickles (1909)
- The Tale of Mrs. Tittlemouse (1910)
- The Tale of Timmy Tiptoes (1911)
- The Tale of Mr. Tod (1912)
- The Tale of Pigling Bland (1913)
- Appley Dapply’s Nursery Rhymes (1917)
- The Tale of Johnny Town-Mouse (1918)
- Cecily Parsley’s Nursery Rhymes (1922)
- The Tale of Little Pig Robinson (1930)
Іншыя творы
- Peter Rabbit’s Painting Book (1911)
- Tom Kitten’s Painting Book (1917)
- Jemima Puddle-Duck’s Painting Book (1925)
- Peter Rabbit’s Almanac for 1929 (1928)
- The Fairy Caravan (1929)
- Sister Anne (ілюстр. Katharine Sturges) (1932)
- Wag-by-Wall (ілюстр. J. J. Lankes) (1944)
- The Tale of the Faithful Dove (ілюстр. Marie Angel) (1955, 1970)
- The Sly Old Cat (напіс. 1906; апубл. 1971)
- The Tale of Tuppenny (ілюстр. Marie Angel) (1973)
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Beatrix Potter
- 1 2 https://www.oxforddnb.com/view/10.1093/ref:odnb/9780198614128.001.0001/odnb-9780198614128-e-35584
- ↑ Beatrix Potter // Benezit Dictionary of Artists — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Kindred Britain
- ↑ Lundy D. R. The Peerage
Спасылкі
Беатрыкс Потэр на Вікісховішчы |
- The world of Peter Rabbit Архівавана 20 студзеня 2013.(англ.)
- Казка Б.Потэр пра трусіка Пітэра ў перакладзе на беларускую мову (бел.)
- Beatrix’s Life(англ.) . peterrabbit.com. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2013. Праверана 16 студзеня 2013.
- Беатрыкс Потэр(Beatrix Potter)(нявызн.). arttower.ru. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2013. Праверана 16 студзеня 2013.