Дамінік Рудніцкі
Дамінік Рудні́цкі (польск.: Dominik Rudnicki; 4 жніўня 1676, Усходняя Беларусь — 10 кастрычніка 1739) — беларускі і польскі пісьменнік.
Біяграфічныя звесткі
Паходзіў з беларускай шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Горадні, Мсціслава, Новагародка. 3 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. 3 1730 у Нясвіжы.
Творчасць
У рукапісных зборніках Д. Рудніцкага (вядомыя з публікацыяў А. Брукнера і У. Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 беларускіх вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на народную песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, зборніка «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).
Ім створана алегарычная сістэма вобразаў у вершаваным сатырычным цыкле «Звярыныя гратэскі» (творы «Ваенны паход грыбоў», «Птушыны баль», «Камара з дуба цяжкі ўпадак» і інш.).
Зноскі
- 1 2 3 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1034181173 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 7 сакавіка 2015.
- 1 2 https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/dominik-rudnicki-h-sas
Літаратура
- Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. — Мн., 1980. — С. 72-78, 116—126.
- Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.
- Мальдзіс А. В. Рудніцкі Дамінік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 430. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.