Дасітэй Абрадавіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абрадавіч.
Дасітэй (Дзімітрые) Абра́давіч (сербск.: Доситеј Обрадовић / Dositej Obradović), да манаства Дзмітрый (каля 1739 або 17 лютага 1742 — 28 сакавіка (7 красавіка) 1811) — выбітны сербскі асветнік, літаратар і рэфарматар перыяду нацыянальнага адраджэння. Пачынальнік сербскай літаратуры на народнай мове. Першы міністр асветы Сербіі (1811).
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і рамесніка ў 1742 годзе ў сяле Чакава ў Банаце на тэрыторыі Аўстрыйскай манархіі (цяпер Румынія, жудзец Тыміш).
Падчас вучобы ў асноўнай школе, зацікавіўся пытаннямі рэлігіі, і пасля смерці бацькі сышоў на Фрушку-Гору ў Манастыр Хопава, але калі Дасітэй бліжэй пазнаёміўся з манаскім жыццём і манаскім братэрствам, то зразумеў, што ён і яго ідэі не адпавядае ім. Пасля трох гадоў манаскага жыцця пакінуў манастыр і пачаў падарожнічаць па Еўропе.
Дасітэй Абрадавіч аб’ездзіў амаль усё Балканы і Малую Азію, а затым наведаў Італію, Германію, Францыю, Англію, Аўстрыю і Расію. У 1787 годзе быў на Беларусі ў Шклове[4]. Тры гады ён правёў у Смірне, дзе навучаўся ў адной з грэчаскіх багаслоўскіх школ, у якой, а таксама і на Корфу, добра вывучыў грэчаскую мову, літаратуру і філасофію. У 1787 годзе, з-за пачатку руска-турэцкай вайны, гэту школу прыйшлося пакінуць. Затым ён жыў у Далмацыі, дзе выкладаў у адной са школ Кніна, а пасля — у Задары і Трыесце. З Трыеста Дасітэй Абрадавіч пераехаў у Вену, дзе правёў шэсць гадоў і вывучаў нямецкую мову і культуру. Як настаўнік мовы выязджаў з Вены ў Карлаўцы і Малдову. У Гале, а таксама пазней у Лейпцыгу, вывучаў філасофію. У 1783 годзе выдае сваю першую працу «Жыццё і прыгоды» (Живот и прикљученија).
Пачатак Першага сербскага паўстання ён сустрэў у Трыесце. Абрадавіч першым арганізуе збор ахвяраванняў для паўстанцаў, а затым выконвае розныя канфідэнцыйныя місіі паміж паўстанцамі і Расіяй і, нарэшце, пераязджае ў Сербію. Як самы асвечаны серб свайго часу становіцца першым сербскім міністрам адукацыі, арганізуе школы, становіцца асабістым сакратаром і саветнікам Карагеоргія.
У 1808 арганізаваў т. зв. Вялікую школу ў Бялградзе (пазней універсітэт). У 1810 годзе заснаваў першую ў Сербіі духоўную семінарыю.
Сканаў 1811 годзе ў Бялградзе, дзе і быў пахаваны перад Саборнай царквой. Яго цела двойчы было патурбавана: у 1837 годзе з-за будаўніцтвы новай Саборнай царквы замест старой, якая была знесена, і ў 1897 годзе, калі яго магілу паставілі побач з магілай Вука Караджыча, цела якога ў гэты год было перанесена з Вены.
Творчасць
У філасофскіх і павучальных творах «Пісьмо да Харалампія» (1782), «Парады цвярозага розуму» (1784), «Байкі» (1788), «Збор розных павучальных рэчаў…» (1793), аўтабіяграфічным рамане «Жыццё і прыгоды Дзімітрыя Абрадавіча…» (ч. 1—2, 1783—1788) выкрываў абскурантызм, змагаўся за рацыяналізм мыслення і гуманізм, адстойваў неабходнасць усеагульнай адукацыі, заклікаў паўднёвых славян да адзінства[4].
Зноскі
- ↑ http://www.worldcat.org/identities/lccn-n80-148817 Праверана 1 чэрвеня 2015.
- ↑ https://viaf.org/viaf/76370256/viaf.html Праверана 1 чэрвеня 2015.
- ↑ http://www.vreme.com/cms/view.php?id=508952&print=yes Праверана 1 чэрвеня 2015.
- 1 2 Абрадавіч Дасітэй. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8.
Літаратура
- Абрадавіч Дасітэй. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дасітэй Абрадавіч