Джэром Клапка Джэром
Джэром Клапка Джэром (англ.: Jerome Klapka Jerome; 2 мая 1859, г. Уолсал, Вялікабрытанія — 14 чэрвеня 1927) — англійскі пісьменнік.
Біяграфічныя звесткі
Працаваў клеркам, акцёрам, рэпарцёрам, настаўнікам і інш. 3 1892 цалкам прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці.
Творчасць
Першы зборнік гумарыстычных замалёвак «На сцэне і за кулісамі» (1885). Наступная кніга «Пустыя думкі пустога чалавека» (1886).
Сапраўдную папулярнасць пісьменніку прынесла кніга «Трое ў чоўне, і пёс з імі» (1889). Джэром К. Джэром атрымаў заказ напісаць турыстычны гід па Тэмзе, але ў яго атрымалася «Вялікая Брытанская энцыклапедыя апраўданняў, адмазак і адчэпак»[6]. Чацвёра сяброў, Джордж, Гарыс, Джэй і фоксік Манмарансі, замучаныя агульнай млявасцю і абыякавасцю да жыцця, выпраўляюцца з вялікага горада ў рачное падарожжа. Каб зазнаць прыгоды, але з помпай і шыкам нікуды не дайсці. Гэта гімн ляноце, закону бутэрброда.
Аўтар кніг «Дзённік аднаго паломніцтва», «Гісторыі, расказаныя пасля вячэры» (абедзве 1891), «Трое на веласіпедзе» (1900), «Назіранні Генры» (1901), аўтабіяграфічнага рамана «Пол Келвер» (1902), рамана «Томі і К°» (1904) і інш., п’ес (найбольш вядомая «Жыхар з чацвёртага паверха», 1907).
Перавагу пісьменнік аддаваў двум жанравым формам — гумарыстычнаму эсэ і «падарожжу», у якіх галоўны герой — чалавек энергічны і непахісны аптыміст — пастаянна апынаўся ў камічна-абсурдных сітуацыях.
Беларускія пераклады
Апавяданне «Сумная гісторыя» (A Pathetic Story) на беларускую мову пераклала Надзея Кім, кнігу «Трое ў чоўне, і пёс з імі» (Three Men in a Boat, To Say Nothing of the Dog) пераклаў Павел Касцюкевіч.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Jerome K. Jerome // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ Джером Джером Клапка // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Джером Джером Клапка // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ nashaniva.by
Літаратура
- Лявонава Е. Джэром // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.