Канстанцін Васілевіч Вераніцын
Канстанцін Васілевіч Верані́цын (13 чэрвеня 1834, Астраўляны Віцебскага павета Віцебскай губерні, цяпер Гарадоцкі раён — 26 жніўня 1903, Лясны ўчастак(руск.) бел., прыгарад Пецярбурга[1]) — удзельнік літаратурнага жыцця ў Беларусі сярэдзіны ХІХ ст., адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Найбойльш верагодны аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».
Біяграфія
Паходзіў з прыгонных сялян памешчыкаў Бондыравых, прозвішча яго было Васільеў (або Васілёў), атрымаўшы вольную ў 1851 годзе ён прыпісаўся да гарадоцкіх мяшчан і ўзяў прозвішча Вераніцын.
Вучыўся ў Гарадоцкім прыходскім вучылішчы, Віцебскай гімназіі (1845—1852), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—1854). З акадэміі ў 1854 быў выключаны, але гэта Вераніцына не спыніла. У 1857 як пансіянер Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут адразу на трэці курс. У 1859 выдатна (у пераліку выпускнікоў быў першым) скончыў інстытут са званнем агранома, абараніў дысертацыю «О белорусском хозяйстве». Некаторы час працаваў кіраўніком прыватнага маёнтка. У 1863—1874 жыў і працаваў у Пецярбургу ў губернскай па сялянскіх справах установе і Галоўным таварыстве расійскіх чыгунак.
У 1874—1879 працаваў выкладчыкам прыродазнаўства, геаграфіі і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. З 1880 служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. Жыў у доме па адрасу Поварскі завулак, 12, у якім у розныя часы жылі вядомыя рускія літаратары А. Някрасаў, М. Чарнышэўскі, І. Тургенеў. У 1900 выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка.
Памёр 13 (26) жніўня 1903 у Лясным участку[2] (цяпер Выбаргскі раён Санкт-Пецярбурга) ад наступстваў кровазліцця ў мозг і быў пахаваны на Мітрафаніеўскіх могілках.
Творы
У рукапісных сшытках фальклорных і літаратурных твораў А. Рыпінскага[3] яму прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яўлы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства абедзвюх паэм належыць адной асобе. На карысць аўтарства К. Вераніцына сведчыць таксама яго біяграфія.
Ушанаванне памяці
У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе верагоднага аўтара.
Бібліяграфія
- Вераніцын К. Тарас на Парнасе. Паэмы / Уклад. з тэкст. падрыхт. і камент. Ю. Пацюпы, прадм. Я. Янушкевіча. — Мн.: Маст. літаратура, 2009. — 79 с.
Зноскі
- ↑ А. Ф. Брыль. Некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце «Новое время» // Роднае слова : часопіс. — 12 / 2019. — С. 23.
- ↑ З другой паловы XIX стагоддзя прыгарад Лясны выконваў для заможных пецябруржцаў ролю дачнай мясцовасці.
- ↑ Піятуховіч М. Рукапісы А. Рыпінскага // публікацыя В. Скалабана. Шляхам гадоў: гісторыка-літаратурны зборнік. — Мн .: Мастацкая літаратура, 1990. — С. 218-274. — ISBN 5-340-00218-7.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. С.354
- Вераніцын Канстанцін // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Гаравы Л. Лёс Канстанціна Вераніцына // Народнае слова. — 1999. — 12 чэрв. — С. 4.
- Кісялёў Г. Віцебск Канстанціна Вераніцына // Віцебскі сшытак № 3, 1997.
- Кісялёў Г. Канстанцін Вераніцын // Памяць: Гарадоцкі р-н: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Уклад. С. І. Садоўская; рэдкал. Н. А. Бурунова [і інш.]. — Мн., 2004. — С. 154—155.
- Кісялёў, Г. В. Пошукі імя: да пытання аўтарства «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе» / Г. В. Кісялёў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1978. — 288 с.
- Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. — Мн., 1968;
- Скалабан В. Новыя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Шляхам гадоў. Мн., 1990. (Вып. 1);
- Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX стагоддзе: Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2.
- Цвірка К. Канстанцін Вераніцын (1834—1904) // Камяні тых сядзібаў: шляхі паэтаў XIX ст. — Мн., 2004. — С. 285.
Спасылкі
Канстанцін Васілевіч Вераніцын у Вікікрыніцах | |
Канстанцін Васілевіч Вераніцын на Вікісховішчы |
- Творы К. Вераніцына Архівавана 12 студзеня 2010. на knihi.com
- 20 фактаў пра аўтара самага папулярнага твору ў гісторыі беларускай літаратуры // сайт «Радыё Свабода» 13 чэрвеня 2019