Максім Тарасавіч Бурсевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бурсевіч. Максім Тарасавіч Бурсевіч (псеўданім: Трыліснік; 9 жніўня 1890, в. Чамяры Слонімскага павета Гродзенскай губерні, цяпер Слонімскі раён Гродзенскай вобласці — 3 лістапада 1937, Сандармох, Карэла-Фінская АССР, цяпер Мядзвеж’ягорскі раён, Карэлія, Расія[1] (паводле іншых даных 2.8.1941[2])) — дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, педагог, публіцыст[3].
Біяграфія
Нарадзіўся у вёсцы Чамяры Слонімскага павета ў сялянскай сям’і беларусаў Тараса і Марыі. Сям’я была вялікая, шматдзетная (4 браты), таму адукацыю атрымаць удалося толькі яму і старэйшаму брату Андрэю, якія закончылі Слонімскае двухкласнае вучылішча і настаўніцкую семінарыю ў Жыровічах.[4]
Максім Бурсевіч пасля заканчэння Жыровіцкай семінарыі, а гэта было ў 1910 годзе, паехаў па вопыт да свайго старэйшага брата-настаўніка Андрэя, які працаваў у вёсцы Нязбодзічы-Дабровая на Беласточчыне, цяпер гэта Свіслацкі раён. Гасцюючы ў брата, Максім выпадкова сустрэў побач з Нязбодзічамі на хутары Тарасаўка 18-гадовую дзяўчыну Апалінарыю Мацвееву, якая, ў параўнанні з Максімам Бурсевічам, які быў родам з беднай сялянскай сям’і, была даволі багатай дзяўчынай бо паходзіла з сям’і праваслаўных святароў Пракаповічаў. Тым не менш у 1910 годзе яны павянчаліся, і Апалінарыя да канца жыцця заставалася вернай жонкай і сябрам палітыка Максіма Бурсевіча[5].
З 1911 настаўнічаў на Палессі. У 1915—1921 жыў на Украіне (Харкаўшчына). Вярнуўся на Радзіму ў 1921; працаваў настаўнікам на Віленшчыне. У першай палове 1920-х г. двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі за спробы арганізаваць прыватныя беларускія школы на Навагрудчыне і Слонімшчыне[3]. У 1925 увайшоў у актыў Беларускага пасольскага клуба[2]. З 1926 член БСРГ, кіраўнік яе Цэнтральнага сакратарыята[2][3].
Ствараў местныя камітэты БСРГ і арганізоўваў іх працу[2].
Арыштаваны польскімі ўладамі ў лютым 1927[2]. На «працэсе 56-і» ў 1928 прыгавораны да 8 гадоў турмы[2]; у 1929 апеляцыйны суд скараціў тэрмін да 4 гадоў. Пасля вызвалення жыў у Вільні. У 1932[2] у выніку абмену палітвязнямі трапіў у СССР, жыў у Мінску[3].
Працаваў у Дзяржплане БССР і ў Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. Арыштаваны ДПУ БССР 21 жніўня 1933 па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Прысуджаны 9 студзеня 1934 да расстрэлу, які быў заменены 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала[3].
9 кастрычніка 1937 прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Мядзвеж’ягорскі раён, Карэлія, Расія)[6][7]. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16 жніўня 1956[3].
Зноскі
- ↑ Возвращенные имена. Книги памяти России (руск.)
- 1 2 3 4 5 6 7 Бурсевич Максим Тарасович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 92. — 737 с.
- 1 2 3 4 5 6 Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- ↑ Чыгрын С. Яго расстралялі Саветы // Беларускае Радыё Рацыя — racyja.com, 9.8.2015
- ↑ Чыгрын С. З роду праваслаўных святароў Пракаповічаў // «Ніва» № 03 (2853), 16 студз. 2011.
- ↑ Остання адреса: Розстріли соловецьких в’язнів з України у 1937–1938 роках: В 2 т. — 2-е вид., доопрац. і доп. — Київ: Сфера, 2003. (укр.)
- ↑ Сергей Шевченко. Николай Нарушевич: еще одна тайна “последнего адреса” // Зеркало недели. Украина. — 2014. — № 10. — 21-28 марта. (руск.)
Літаратура
- Бергман А. Максім Бурсевіч: (Кароткі біяграфічны нарыс) // Беларускі каляндар — 1981. Беласток, 1981
- Микула Е. Максим Бурсевич: ‘Я — из венка Громады’ // Чалавек і закон. 1993, ? 1
- ЭГБ, т. 2.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Остання адреса: Розстріли соловецьких в’язнів з України у 1937–1938 роках: В 2 т. — 2-е вид., доопрац. і доп. — Київ: Сфера, 2003. ISBN 966-7841-40-5 (Т. 1) ISBN 966-7841-68-5 (укр.)