wd wp Пошук:

Напалеон Казіміравіч Чарноцкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чарноцкі. Напалеон Казіміравіч Чарно́цкі (13 ліпеня 1866, в. Нача, цяпер Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці — 14 лютага 1937) — беларускі публіцыст, перакладчык.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сямейным маёнтку ў Слуцкім павеце. Выхоўваўся ў дэмакратычнай атмасферы. Скончыў Слуцкую гімназію (1887), У час навучання ў гімназіі ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі. Быў адказным за тайную школьную бібліятэку, у якой апрача рускамоўных сацыялістычных выданняў мелася некалькі дзесяткаў польскіх кніжак, падараваных Эмай Дмахоўскай-Яленскай. Разам з Антонам Ражавым і іншымі гімназістамі перапрацаваў польскамоўную агітацыйную брашуру «Ojciec Szymon» («Бацька Шыман»), якая была выдадзена ў беларускамоўным варыянце на гектографе пад назвай «Дзядзька Антон» (1885).

Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1894), дзе атрымаў медыцынскую адукацыю. У Маскве ўваходзіў у тайныя студэнцкія гурткі сацыялістычнай накіраванасці. За ўдзел у хваляваннях 1890 быў выключаны з універсітэта і сасланы ў маёнтак бацькі пад нагляд паліцыі.

Працаваў урачом на Беларусі — у Міры, Іўі, Нясвіжы, Навагрудку і Свіслачы. У 1904—05 мабілізаваны на Маньчжурскі фронт. У 1908—12 у эміграцыі ў Канадзе. 3 1918 у Варшаве, пасля ў Вільні. У 1922 уступіў у Польскую партыю сацыялістычную (ППС)(руск.) бел.. 3 1928 працаваў лекарам на Валыні, з 1931 у г. Ліда. У 1934 пакінуў лекарскія заняткі. 3 1936 жыў у в. Вялікая Лябёдка (цяпер Шчучынскі раён), заснаваў тут плантацыю лекавых раслін.

Творчасць, публіцыстыка

Першая літаратурная праца — удзел у перакладзе і выданні першага варыянта рэвалюцыйнай брашуры «Дзядзька Антон» (1885, не выяўлена); браў удзел у выданні другога варыянта (1892; з М. Абрамовічам). Пераклаў на польскую мову апавяданне У. Караленкі «У дрэннай кампаніі» (каля 1887, не выяўлена, захаваліся 2 лісты Н. Чарноцкага да пісьменніка), на беларускую мову п’есы «Сватанне» А. Чэхава і «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага (1910). У артыкуле «Да пытання пра беларускую народную школу» (1908) выступіў у абарону беларускай мовы, з прыязнасцю пісаў пра творчасць Я. Коласа, паказаў добрае веданне беларускага фальклору. Аўтар сацыяльна-эканамічных брашур «Як будзе з зямлёю?» (1907) і «Што дзяліць, а што не, каб супакой быў на свеце», успамінаў пра рэвалюцыйны рух, М. Абрамовіча, публіцыстычных артыкулаў у «Нашай ніве» і «Вольнай Беларусі». Як публіцыст выступаў таксама ў выданнях «Минский курьер», «Głos» (Варшава), «Źródła mocy» (Вільня) і інш.

Бібліяграфія

  • Przyczynki do historii PPS // Księga Pamiątkowa PPS. Warszawa, 1923.
  • Marian Abramowicz (wspomnienie pośmiertne) // Przegląd Wileński. 1925. № 1.
  • Батлейкі з ваколіц Начы // Народны тэатр. Мн., 1983.

Зноскі

Літаратура

  • Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.
  • Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.
  • Туронак Ю. Вакол абставін публікацыі «Дзядзькі Антона» / пер. з пол. // Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006.
  • Каханоўскі Г. Таямніцы за чортавым мостам // Маладосць. 1992. № 5.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на польскую мову Катэгорыя·Перакладчыкі прозы і драматургіі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be