wd wp Пошук:

Нідзё

Нідзё, таксама спадарыня Нідзё (яп. 後深草院二条, Go-Fukakusain no Nijō; 1258 — ?) — японская прыдворная дама, паэтэса і пісьменніца. Аўтарка аўтабіяграфічнай «Няпрошанай аповесці» — аднаго з найвялікшых твораў сярэднявечнай японскай літаратуры. Была фаварыткай імператара Го-Фукакусы з 1271 да 1283, пазней стала будыйскай манашкай.

Біяграфія

Спадарыня Нідзё паходзіць з роду Кога, галіны клана Мінамота. Яна нарадзілася ў 1258 годзе і належала да прыдворнай арыстакратыі. Яе бацька — старшы саветнік (дайнагон) Кога но Масатада (1228-1272), быў сынам першага міністра Кога но Міціміцу, а маці Сукэдаі — дачкой кіраўніка ваеннага ведамства, старэйшага дарадцы Сідзэ но Такаціка.

Яе сапраўднае імя не захавалася, імя «Нідзё» яна атрымала пры двары: у тыя часы прыдворных жанчын называлі па імёнах вуліц, і «спадарыня Нідзё» азначае «спадарыня з Другога праспекта».

Прыдворнае жыццё

Імператар Го-Фукакуса быў закаханы ў маці Нідзё, Сукэдаі, аднак тая памерла, калі Нідзё было два гады. У чатыры яе прадставілі імператарскаму двару, дзе яна праславілася як таленавітая паэтэса і музыка.

У 1271 годзе, калі ёй было 14, бацька падарыў яе імператару ў якасці наложніцы. Калі Нідзё было 15 гадоў, памёр яе бацька. Яшчэ праз год яна нараджае дзіця ад імператара, але немаўля памірае.

Акрамя сувязі з імператарам, Нідзё некаторы час была ў любоўных адносінах з сябрам дзяцінства — Саёндзі Санэкане. Ад яго яна нарадзіла дачку, якую аддала на выхаванне чужым людзям і больш ніколі не бачыла, каб не прагневіць імператара. Яшчэ адным палюбоўнікам быў прынц Сёдзё, ад якога нарадзіліся двое сыноў.

Кансорт Го-Фукакусы, Хігашы-нідзё, быў незадаволены паводзінамі Нідзё і прыхільнасцю імператара да яе. Па загадзе Хігашы-нідзё яе выгналі пасля смерці Го-Фукакусы ў 1283[1], калі ёй было 32 года.

Выгнанне

Пасля выгнання Нідзё стала будыйскай манашкай. Яна шмат вандравала па манастырам і храмам Японіі, паўтараючы маршрут паэта Сайгё.

У канцы жыцця яна стварыла аўтабіяграфічную «Няпрошаную аповесць» у пяці скрутках, дзе падрабязна распавяла пра сваё жыццё. Акрамя гэтага твора, ніякіх біяграфічных звестак пра яе не засталося.

Творчасць

Твор «Няпрошаная аповесць» (とはずがたり, Тавадзу-гатары) датуецца 1307 годам і апісвае падзеі з 1271 да 1306 гады[2]. Доўгі час твор быў мала вядомы з — за таго, што надта падрабязна апісваў жыццё імператара.

Адзіная копія скруткаў 17 стагоддзя была выяўленая сярод уладанняў імператарскага двара ў 1940 годзе Ямагішы Такухэем[3]. Гэта была копія, вырабленая невядомым перапісчыкам XVII стагоддзя са страчанага арыгінала, дзе адсутнічалі фрагменты кнігі 5. Аповед быў упершыню апублікаваны ў 1950 годзе, а поўнае анатаванае выданне на японскай мове выйшла ў 1966 годзе. Першы пераклад на англійскую мову зроблены ў 1973, на рускую — у 1986.

Зноскі

  1. Whitehouse, Wilfrid; Yanagisawa, Eizo (1974). Lady Nijo’s Own Story: The Candid Diary of a Thirteenth-Century Japanese Imperial Concubine. Rutland and Tokyo: Charles E. Tuttle.
  2. “Preface”. The Confessions of Lady Nijō. Translated by Karen Brazell. Stanford: Stanford University Press. 1976. ISBN 0-8047-0930-0.
  3. Jones, T. C. (23 December 2017). “The Confessions of Lady Nijo’: a memoir of timeless depth and beauty”. The Japan Times. Retrieved 27 March 2019.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Японіі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be