wd wp Пошук:

Сімона дэ Бавуар

Сімо́на дэ Бавуа́р (фр.: Simone de Beauvoir; 9 студзеня 1908, Парыж — 14 красавіка 1986) — французская пісьменніца, філосаф, ідэолаг фемінісцкага руху. Сяброўка (абодва яны былі супраць шлюбу) і аднадумца Жан-Поля Сартра.

Біяграфія

Сімона дэ Бавуар з Жан-Полем Сартрам перад помнікам Бальзаку. 1920-я гг.

Нарадзілася 9 студзеня 1908 у Парыжы, атрымала строгае буржуазнае выхаванне, што апісана ў яе кнізе «Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны» (Me’moires d’une jeune fille range’e, 1958). Вывучала філасофію ў Сарбоне, дзе пазнаёмілася з правадыром сучаснага экзістэнцыялізму Жан-Полем Сартрам.

Феміністка

Размова аб дэ Бавуар будзе няпоўнай, калі не прыгадаць яе рэвалюцыйнай ролі ў адраджэнні фемінізму ў 20 стагоддзі — гэтая яе заслуга. Хоць не яна вынаходніца фемінізму, тым не менш, на сучасным этапе менавіта яна надала яму вагі, увяла яго ў філасофскае рэчышча, стала асноўным тэарэтыкам сучаснай фемінісцкай думкі. Хаця, як зазначала сама філосаф, яна не думала аб такім шумлівым і скандальным водгуллі, калі пісала «Другі пол» Deuxième Sexe, бо яна проста спрабавала, між іншым па парадзе Сартра, патлумачыць жаночую загнанасць і адсутнасць у гісторыі. І ёй удалося — на гэтым эсэ выраслі некалькі генерацый французскіх кабет, якія так і называліся «генерацыі Бавуар». Але не толькі францужанкі ўдзячныя ёй, іншыя еўрапейкі і паўночныя амерыканкі, калі твор з’явіўся на іншых мовах, пачалі з новай сілай змагацца за вызваленне ад прыгнёту — палітычнага і побытавага адначасова. Сімона дэ Бавуар часта ўспрымаецца як маці сучаснага фемінізму. Сама пісьменніца ніколі не дыстанцыянавалася ад фемінізму, а, наадварот, усяляк падкрэслівала сваю схільнасць, а таксама схільнасць Ж.-П. Сартра да ідэй фемінізму. Ад тэарэтычнага фемінізму канцу 50-х гадоў яна пераходзіць да фемінізму практычнага, вулічнага так бы мовіць, калі выбітная пісьменніца ўдзельнічае ў маніфестацыях у абарону сацыяльных і сексуальных правоў жанчын. Пры гэтым варта падкрэсліць, што Сімона дэ Бавуар стаяла на пазіцыях гэтак званага ўніверсалісцкага фемінізму. Што азначае, што вядомая экзістэнцыялістка адмаўляла ідэю жаночай сутнасці, жаночай прыроды і выключна жаночых каштоўнасцей. Яна лічыла, што жанчына — гэта такі ж чалавек як і мужчына. Пры гэтым яна прызнавала, што жанчына была зведзена ў чалавечай гісторыі да аб’екту і маргіналізаванай асобы. Фізіялогія, мацярынства, натуральна, адрозніваюць жанчыну ад мужчыны, але гэта не дае падставы весці размову аб іншым, новым, альтэрнатыўным жыцці. На думку пісьменніцы, у мужчыны і жанчыны ўсё ж-такі больш супольнага, чым адрознага (адкуль і яе ўніверсалісцкае бачанне гісторыі палоў).

Раманістка

Менавіта праз раманы пісьменніца ажыццявіла сваю мару экзістэнцыі, дасягнула, калі ўжыць ейную ж тэрміналогію, аўтэнтычнага жыцця. З маладосці яна марыла стаць раманісткай, таму першыя раманы, якія, дарэчы, былі сустрэты з цяплынёю, надалі ёй сілы і веры ў свой талент. Так, некаторыя раманы будуць пазначаныя прэміяй, як раман «Мандарыны», за які аўтар атрымала Ганкураву прэмію.

Экзістэнцыялістка

У канцы Другой сусветнай вайны ў Парыжы вельмі папулярным быў хрысціянскі экзістэнцыялізм на чале з Г. Марселем. Сартр і Бавуар часта сыходзіліся і дэбатавалі з самім Марселям, а таксама яго паслядоўнікамі. За атэістамі таксама прычапілася назва экзістэнцыялістаў, хаця на самым пачатку Сартр і Бавуар адмаўляліся ад яе, потым яны аддаліся гэтаму клішэ і сталі надзвычай папулярнымі ў Еўропе. Да экзістэнцыялістычных твораў Бавуар належаць эсэ «Пірус і Сінеас», «За мараль двухсэнсоўнасці», «Экзістэнцыялізм і мудрасць нацый» і, канечне, «Другі пол». У адрозненне ад надзвычай абстрактнага, часам цьмянага Сартра тэксты дэ Бавуар чытаюцца і ўспрымаюцца прасцей, а таму яе філасофскія эсэ ўсевядома і даступна тлумачылі людзям ідэі новай філасофіі.

Што датычыцца філасофскай кар’еры, то трэба нагадаць, што яна была прафесійным філосафам — выкладчыцай, адной з першых выкладчыкаў філасофіі Францыі, бо традыцыйна гэту дысцыпліну выкладалі мужчыны. Яе ўплыў на развіццё «сартараўскага» экзістэнцыялізму дасюль недаацэньваецца: яна ўсё яшчэ лічыцца яго «паслядоўніцай». Хаця ў першых сваіх раманах, якія, дарэчы, з’явіліся раней за Сартаравых філасофскіх эсэ, Сімона дэ Бавуар разважае аб чалавечым жыцці і складае сваю карціну сапраўднага, «аўтэнтычнага» жыцця, крытыкуючыся фаталізмам і прадвызначанасцю. У рамане «Усе людзі смяротныя» les hommes sont mortels яна цудоўна вызначыла праз мастацкія сродкі асноўныя пастуляты будучага экзістэнцыялізму-сартрызму ці ўсё ж-ткі бавуарызму? Ды і сам Сартар, дарэчы, ніколі не хаваў уплыву дэ Бавуар на свае ідэі, у адным з інтэрвію ён заўважыў, што: «Філосаф — яна, не я». Далей у аповесці «Вельмі мяккая смерць» mort très douce яна апісвае смерць маці, але разам з тым развітваецца з ёю і навучае чытача прымаць смерць. Наагул пісьменніца заўжды давала рады ствараць не толькі якасныя мастацкія творы, але пры гэтым заўжды сацыяльныя і вытрыманыя ў духу экзістэнцыялізму.

Атэістка

Вядомы пастулят экзістэнцыялізму аб тым, што жыццё будуецца самім чалавекам, а само жыццё — просты і цяжкі адначасова выбар той ці іншай мадэлі існавання, знайшоў у жыцці дэ Бавуар просты водгук. На ўласным эксперыменце яна прадэманстравала, што быць жанчынай, чалавекам, пісьменніцай, францужанкай, парыжанкай, інтэлектуалкай досыць проста, калі заставацца рэалісткай і ўспрымаць жыццё не як падарунак ці выпрабаванне, а як штодзённую будоўлю, штодзённы выбар паміж млявасцю і актыўнасцю, аўтэнтычным жыццём і ўцёкамі ад яго, апусканнем у містыку, тлумачэннем усяго ілюзіяй пад назвай «бог»[7]. На працягу жыцця чалавек можа змяніць думку ці стаўленне да якой заўгодна з’явы. Аб гэтым піша С. дэ Бавуар у сваіх мемуарах. Але, як пазначае аўтар, у адным яе пазіцыя не змянілася на працягу жыцця — гэта пытанне атэізму. У «Падсумаваннях» яна піша, што:

Па адным пункце мая пазіцыя ніяк не змянілася. І я хачу вярнуцца да яго — да майго атэізму. Шмат добрых душаў шкадуюць аб тым, што няшчасны выпадак стаў прычынай страты маёй веры. У артыкулах ці ў лістах, якія яны адрасуюць мне, я часта чытаю: «Ах, калі б яна жыла сярод сапраўдных хрысціян!», «Калі б вы прачыталі спачатку Евангелле, а ўжо потым Імітаванне!», «Калі б яна стрэла разумнага святара!» Трэба разумець: «Калі б яна сустрэла мяне, то яна б пабудавала жыццё як я і мой досвед пераканаў бы яе». Насамрэч, мая рэлігійная адукацыя была вельмі грунтоўнай; з Евангелля я ведала напамяць вялікія пасажы. З самай маладосці і потым у дарослым жыцці я сустракала разумных хрысціян: і менавіта дзякуючы таму, што яны былі разумнымі, яны не лічылі, што сваім уплывам яны могуць выратаваць маю душу. Яны лічылі, што вера залежыць ад бога, ад яго намераў, ад яго ласкі. Насамрэч, у гэтым і заключаецца тэялагічная бяссэнсіца: спроба патлумачыць прысутнасць ці адсутнасць бога выпадковымі і выключна простымі доказамі.
Simone de Beauvoir, Tout compte fait, 1970]

Мемуарыстка і эпісталярніца

У дадатак да раманаў і эсэ пісьменніца пакінула вялікую спадчыну ў форме мемуараў, а таксама яна пакінула багатую эпісталярную спадчыну. Яе ліставанне з Сартрам, Бостам, Ланзманам і Альгрэнам складае некалькі тамоў кніг. Зрэшты, як ніводны іншы пісьменнік 20-га стагоддзя, Сімона дэ Бавуар дала рады завяршыць усе тамы мемуараў, якія яна распачала пісаць яшчэ ў маладыя гады. Ад «Успамінаў маладой прыстойнай дзяўчыны» да «Цырымоніі развітання» пісьменніца пакінула 6 тамоў цікавых і дакладных успамінаў аб сваім атачэнні і эпасу.

Цытаты

  • «Жанчынаю не нараджаюцца, ёю становяцца».
  • «Людзі не нясуць адказнасці за паражэнні шлюбу, бо сам інстытут шлюбу першапачаткова перакручаны».
  • «Фатальнасць пачынае трыумфаваць, як толькі ты паверыш у яе».[8].

Бібліяграфія

  • 1943 : L’Invitée (Госця), раман,
  • 1944 : Pyrrhus et Cinéas (Пір і Кінеас), эсэ,
  • 1945 : Le Sang des autres (Кроў іншых ці Чужая кроў), раман,
  • 1945 : Les Bouches inutiles (Лішнія раты), п’еса,
  • 1946 : Tous les hommes sont mortels (Усе людзі ўміручыя), раман,
  • 1947 : Pour une morale de l’ambiguïté (За мараль двухсэнсоўнасці), эсэ,
  • 1948 : L’Amérique au jour le jour (Штодзённая Амерыка), нарыс,
  • 1949 : Le Deuxième Sexe (Другі пол), філасофскае эсэ,
  • 1954 : Les Mandarins (Мандарыны), раман,
  • 1955 : Privilèges (Прывілеі), эсэ,
  • 1957 : La Longue Marche (Доўгі шлях), эсэ,
  • 1958 : Mémoires d’une jeune fille rangée (Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны), мемуары,
  • 1960 : La Force de l’âge (Сіла веку), мемуары,
  • 1963 : La Force des choses (Сіла рэчаў), мемуары,
  • 1962 : Djamila Boupacha en collaboration avec Gisèle Halimi et des témoignages de Henri Alleg, Mme Maurice Audin, Général de Bollardière, R.P. Chenu, Dr Jean Dalsace, J. Fonlupt-Esperaber, Françoise Mallet-Joris, Daniel Mayer, André Philip, J.F. Revel, Jules Roy, Françoise Sagan, un portrait original de Picasso et un hommage des peintres Lapoujade et Matta (Джаміла Бупаша);
  • 1964 : Une mort très douce (Вельмі мяккая смерць), аповесць,
  • 1966 : Les Belles Images (Прыгожыя малюнкі), раман,
  • 1967 : La Femme rompue (Вымерханая кабета), навелы,
  • 1970 : La Vieillesse (Старасць), эсэ,
  • 1972 : Faut-il brûler Sade? (Ці трэба спаліць Сада?), эсэ,
  • 1972 : Tout compte fait (Падсумаванне), мемуары,
  • 1979 : Quand prime le spirituel (Калі дамінуе духоўнае), раман,
  • 1981 : La Cérémonie des adieux suivi de Entretiens avec Jean-Paul Sartre : août — septembre 1974 (Цырымонія развітання), мемуары.

Пасмяротныя творы

  • Lettres à Sartre, tome I : 1930—1939, 1990 (Лісты Сартру, першы том),
  • Lettres à Sartre, tome II : 1940—1963, 1990 (Лісты Сартру, другі том),
  • Journal de guerre, septembre 1939 — janvier 1941, 1990, (Ваенны дзённік),
  • Lettres à Nelson Algren, traduction de l’anglais par Sylvie Le Bon, 1997 (Лісты Нэльсану Альгрэну),
  • Correspondance croisée avec Jacques-Laurent Bost, 2004 (Крыжаванае ліставанне),
  • Cahiers de jeunesse, 1926—1930, 2008 (Моладзевыя сшыткі).

Фільмаграфія

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Simone de Beauvoir // Gran Enciclopèdia CatalanaGrup Enciclopèdia Catalana, 1968.
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118507877 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  5. https://deces.matchid.io/search?advanced=true&ln=bertrand+de+beauvoir&fn=simone&dd=1986&current=n_2_n
  6. http://www.nytimes.com/roomfordebate/2011/05/18/are-french-women-more-tolerant/still-a-long-way-to-go
  7. Simone de Beauvoir, Tout compte fait, Paris, Gallimard,1972, p. 628—632.
  8. Les citations de Simone de Beauvoir

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Францыі XX стагоддзя Катэгорыя·Пісьменніцы Францыі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be