Язэп Пятровіч Каранеўскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Каранеўскі. Язэ́п Пятро́віч Каране́ўскі (12 студзеня 1888 (31 снежня 1887), Заслаўе, цяпер Мінскі раён — 29 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД) — дзяржаўны дзеяч, педагог, публіцыст, сябра КП(б)Б, другі рэктар БДУ, правадзейны сябра Інбелкульта (з 1925), ахвяра сталінскіх рэпрэсій.
Біяграфія
Нарадзіўся ў мястэчку Заслаўе Мінскага павета 31 снежня 1887 года. Паходзіў з сярэдняй сялянская сям’і. У 1909 г. скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Пэўны час выкладаў у школах, пасля паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут, які скончыў у 1914 г.
У 1915 уладкаваўся на пасаду выкладчыка ў Менскі настаўніцкі інстытут, увайшоў у склад педагагічнай рады інстытута. З’яўляўся адным з ініцыятараў заснавання беларускага культурна-асвтніцкага і грамадска-палітычнага гуртка «Наш край», які быў утвораны выкладчыкамі і навучэнцамі інстытута (пач. 1916). З мая 1917 уваходзіў у кіруючае ядро беларускай грамадска-палітычнай арганізацыі «Маладая Беларусь» пры Менскім настаўніцкім інстытуце. У верасні 1918 г. інстытут быў вернуты ў Менск, пасля ўдалых перамоў Каранеўскага з Радай і Народным Сакратарыятам БНР.
У час польскай акупацыі (1919—1920) працаваў школьным інспектарам і выкладчыкам геаграфіі ў Менскай беларускай гімназіі.
У канцы лютага 1920 выбраны у склад ЦК БКА і стаў намеснікам старшыні партыі У. Ігнатоўскага. Пасля распуску БКА ў жніўні 1920 – член КП(б)ЛіБ, потым КП(б)Б.
У верасні 1920 Язэп Пятровіч быў прызначаны намеснікам наркама асветы ССРБ. Займаўся арганізацыяй беларускага ўніверсітэта ў складзе менскай камісіі пры Наркамаце асветы. У пачатку 1921 года 32 камуністы, сярод якіх быў Каранеўскі, звярнуліся з заяваю ў ЦБ КП(б)Б, у якой патрабавалі распачаць у краіне масавую беларусізацыю (Заява 32-х). Неўзабаве ён быў пераведзены ў Галоўнае упраўленне сацыяльнага выхавання Наркамата асветы, якое ўзначальваў да 1925. Адначасова з’яўляўся дырэктарам МБПТ.
У студзені 1925 г. Язэп Пятровіч быў зацверджаны правадзейным сябрам Інбелкульта. У 1927 г. назначаны прарэктарам Камуністычнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна ў Менску, аднак ужо ў кастрычніку 1928 г. Каранеўскі заняў пасаду намесніка рэктара БДУ.
У кастрычніку 1929 г. ад абавязкаў рэктара Белдзяржуніверсітэта быў вызвалены Уладзімір Пічэта, і праз колькі дзён Каранеўскі быў абраны рэктарам БДУ. Аднак доўга на гэтай пасадзе Каранеўскі не папрацаваў. Ужо ў ліпені 1931 г. ён быў вызвалены ад абавязкаў рэктара і пераехаў у Маскву, бо заставацца ў Менску для яго было небяспечна ў сувязі з узмацненнем ціску АДПУ на дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэння. У Маскве Каранеўскі атрымаў пасаду намесніка дырэктара ў Інстытуце чырвонай прафесуры сусветнай гаспадаркі і сусветнай палітыкі.
15 ліпеня 1937 г. Я. П. Каранеўскі быў арыштаваны ў Маскве. Паводле патрабавання НКУС БССР яго перавезлі з Масквы ў Менск, дзе пасля катаванняў Язэп Пятровіч прызнаў абвінавачванні ў «шпіянажы на карысць Польшчы», у правядзенні «контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай прапаганды». 28 кастрычніка 1937 г. ён быў прыгавораны тройкай НКУС як «член антысавецкай нацыяналістычнай тэрарыстычнай шпіёнскай дыверсійнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання. Ужо на другі дзень быў расстраляны.
Пасля арышту Каранеўскага арыштавана і асуджана да 5 гадоў пазбаўлення волі яго жонка П. Г. Каранеўская. Пакаранне адбывала з 3-гадовым сынам Юрыем.
6 красавіка 1957 г. Ваенная калегія Вярхоўнага Суда Саюза ССР перагледзела справу і прызнала, што той быў арыштаваны і асуджаны неабгрунтавана, і прысуд у адносінах да яго скасавала праз адсутнасць складу злачынства.
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 110
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8. С. 54
- Маракоў Л. Ахвяры і карнікі. Мн.: Зміцер Колас, 2007 г. ISBN 978-985-6783-38-6
Спасылкі
Папярэднік: Уладзімір Пічэта |
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 1929—1931 |
Пераемнік: Іван Ермакоў |