Ігар Міхайлавіч Пракаповіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пракаповіч. Ігар Міхайлавіч Пракаповіч (нар. 9 снежня 1960, Паставы, Віцебская вобласць) — беларускі пісьменнік, географ, краязнавец, педагог.
Біяграфія
Нарадзіўся 9 снежня 1960 года ў г. Паставы Віцебскай вобласці. Бацька — Пракаповіч Міхаіл Аляксандравіч, родам з в. Брусы (Бароўка) (Мядзельскі раён), быў ваеннаслужачым, маці — Пракаповіч (Звяруга) Раіса Уладзіміраўна, родам з вёскі Шыкавічы (Мядзельскі раён), працавала наборшчыцай у друкарні. У дзяцінстве жыў у Паставах, і, звычайна летам, на радзіме бацькоў — на Мядзельшчыне, Нарачанскім краі. Скончыў СШ № 2, СПТУ-2 у г. Паставы і геаграфічны факультэт БДУ (Мінск). Спецыялізаваўся на фізічнай геаграфіі (геамарфалогія і лімналогія). У час вучобы праходзіў практыку і працаваў у экспедыцыях галіновай навукова-даследчай лабараторыі азёразнаўства пры БДУ і лабараторыі вывучэння ландшафтаў Інстытута геахіміі і геафізікі АН Беларусі, удзельнічаў у навуковай практыцы на Кольскім паўвостраве. Пасля заканчэння ўніверсітэта вярнуўся на радзіму, дзе працаваў настаўнікам геаграфіі, біялогіі і хіміі Апідамскай школы, старшынёй Палескага сельсавета, а з 1986 года — настаўнікам геаграфіі і астраноміі СШ № 1 г. Паставы. З 2006 г. працуе настаўнікам пастаўскай гімназіі. Кіраўнік краязнаўчых гурткоў і навуковага краязнаўчага таварыства «Ювента». У 1999 годзе скончыў (завочна) аспірантуру пры Нацыянальным інстытуце адукацыі па спецыяльнасці «агульная педагогіка». Падрыхтаваў да абароны кандыдацкую дысертацыю па тэме «Арганізацыйна-педагагічныя асновы пабудовы сістэмы краязнаўчай работы ў агульнаадукацыйнай школе».
Сферы інтарэсаў: геаграфія (геамарфалогія, лімналогія, тапаніміка, ландшафтазнаўства); лакальная гісторыя (даславянская гісторыя рэгіёну, старажытныя гандлёвыя шляхі; археалагічныя помнікі; германскія ўмацаванні і пахаванні на лініі фронту І-й сусветнай вайны; гістарычныя мясціны Пастаўшчыны і Мядзельшчыны, гісторыя асобных населеных пунктаў); літаратурная работа і журналістыка; педагогіка (тэорыя і практыка); бардаўская песня; рыбалка; вандроўкі, фатаграфія.
Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Член-карэспандэнт міжнароднай Акадэміі арганізацыйных і упраўленчых навук. Член Вучонага савета беларускага геаграфічнага таварыства. Старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы.
Пераможца Віцебскага абласнога конкурсу «Настаўнік года-95» і рэспубліканскага конкурсу «Беларускі настаўнік году — 2009». Лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны 2009». Лаўрэат літаратурнай прэміі часопіса «Маладосць» (1994). Лаўрэат Віцебскай абласной літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча (2015). Аўтар каля 40 краязнаўчых і паэтычных кніг.
Творчасць
Паэзія
Працуе пераважна ў жанры паэзіі. Першая публікацыя (вершы «Няўтульная асенняя пара», «Гарыць агнём мой даўні лёс…», «I зноў настане дзень…») з’явілася ў пастаўскай раённай газеце «Звязда» 13 снежня 1986 г. Выдаў зборнікі паэзіі: «Рэха малітваў» (1993), «Намагнічаны космас» (1996), «Шляхі наканаванага бязмежжа» (1999), «Я Вас каханнем растрывожу…» (2005), «Луска вечнасці» (2005), «Белая Панна» (2007), «Калядны ранак» (2007), «Хірургічная адысея дзядзькі Антона» (2009). За кнігу паэзіі «Рэха малітваў» атрымаў званне лаўрэата прэміі часопіса «Маладосць». Працуе таксама ў жанрах прозы, драматургіі, займаецца перакладамі.
Краязнаўства
Аўтар шэрагу вучэбных праграм, некалькіх навукова-педагагічных прац, у т.л. «Сістэма школьнага краязнаўства», «Методыка вывучэння роднага краю», «Геаграфічныя назвы мацерыкоў». Аўтар кніг па краязнаўстве: «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (1994), «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна» (2000), «Крыжы і камяні» (2003), «Манькавічы» (з А. Вансовіч і І. Заяц) (2004), «Насельніцтва Пастаўскага краю» (2004), «Ваколіцы Паставаў» (2004), «Мястэчка каля пушчы: Груздава і ваколіцы» (з І. Собаль) (2005), «И край родной откроет тайны…» (2006), «Мястэчка над возерам: Задзеўе і ваколіцы» (з І. Заяц) (2006), «Гута-Голбія» (з М. Арэхам) (2007), «Чароўны край — Пастаўшчына: (гісторыка-краязнаўчы курс „Паставазнаўства“)» (2009), «Назвы нашых мясцін» (2013). Укладальнік кнігі «Дзе Мядзелка песні пяе…» (Пастаўшчына літаратурная) (2006) і фотаальбому «Паставы» (2006).
У кнізе «Пошукі забытага шляху» (2011) Ігар Пракаповіч апавядае пра аўтарскую гіпотэзу старадаўняга воднага шляху, які праходзіў праз рэкі Заходняя Дзвіна, Дзісна, Мядзелка, Нарачанка, Вілія і сістэму Нарачанскіх азёр. Адкрыў месца старажытнага паселішча каля возера Саранчаны і курганны могільнік каля в. Міхаліна.
Прызнанне
- Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
- Член-карэспандэнт міжнароднай Акадэміі арганізацыйных і ўпраўленчых навук.
- Член навуковага савета грамадскага аб’яднання «Беларускае геаграфічнае таварыства».
- Старшыня раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
- Пераможца Віцебскага абласнога конкурсу «Настаўнік года-95».
- Пераможца рэспубліканскага конкурсу Таварыства беларускай школы «Беларускі настаўнік года 2009».
- Лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны 2009».
Выбраная бібліяграфія
- Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна: геаграфічнае даследаванне / І. М. Пракаповіч. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — 124 с.
- Чароўны край — Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мінск: Ковчег, 2014.
- Друцкія-Любецкія. Пастаўская галіна славутага роду / I.М. Пракаповіч. — Мінск : Ковчег, 2021. — 104 с.
Літаратура
- Заяц І. Дарога ў краіну краязнаўства / І. Заяц // Краязнаўчая газета. — 2005. — № 48 (снежань).
- Пракаповіч Ігар // Пісьменнікі Віцебшчыны: даведнік / рэд. Ф. Сіўко. — Віцебск, 2001. — С. 59-63.
- Пракаповіч Ігар Міхайлавіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў і інш. — Мн., 2001. — С. 521—522.