Ігнацы Эмануэль Ляхніцкі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ляхніцкі. Ігнацы Эмануэль Ляхніцкі (польск.: Ignacy Emanuel Lachnicki; 1793 — 20 студзеня 1826, Варшава) — публіцыст і выдавец, даследчык гіпнозу, парапсіхолаг. Заснавальнік квартальніка «Pamiętnik Magnetyczny Wileński», у якім шмат месца займала тэорыя і практыка біяэнергетыкі.
Біяграфія
Паходзіў са шляхецкага роду Ляхніцкіх герба ўласнага. Сын Антонія Ляхніцкага, сына Юзафа, і Веранікі з Келпшаў. Пляменнік дзяржаўнага дзеяча Ігнацыя Ляхніцкага.
Вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе абараніў 11 чэрвеня 1812 г. доктарскую працу на тэму аб хімічным растварэнні. Быў адэптам магнетызму, займаўся статыстыкай, пошукам залежаў солі ў Літве і Беларусі. Камер-юнкер расійскага двара (красавіка 1812). Прызначаны да Міністэрства паліцыі, дзе служыў у статыстычным аддзяленні. Удзельнічаў у замежным паходзе расійскіх войскаў у 1813 г. пры Галоўнай кватэры. У 1815—1817 г. збіраў статыстычныя звесткі на літоўскіх і беларускіх землях. У 1816 г. прапагандаваў распаўсюджванне Біблейскага таварыства. Быў рэдактарам і выдаўцом «Pamiętnik Magnetyczny Wileński» (3 тамы ў 1816—1817), «Dziejow Dobroczynnosci» (разам з масонамі Контрымам і А. Марцыноўскім у 1820—1823), «Wiadomosci Brukowych».
Выбраны членам-карэспандэнтам Камітэта па вучонай частцы імператарскага Чалавекалюбівага таварыства[ru] і ганаровым сябрам Мінералагічнага Дрэздэнскага таварыства (1818). У 1820 зацверджаны літоўскім генерал-губернатарам сапраўдным сябрам камітэта па вучонай частцы ў прадметах дабрачыннасці. З 1820 — сябра камісіі па разгляду радзівілаўскіх справаў.
Кантактаваў з філаматамі і філарэтамі, дапамагаў выдаць і распаўсюджваць 2-і том «Паэзіі А. Міцкевіча». Пад час следства ў 1823 г. хадайнічаў аб адданні Міцкевіча з-пад арышта яму на парукі. У 1823 годзе прызначаны літоўскім генерал-губернатарам у камісію па разгляду злоўжыванняў і непарадкаў па фінансах г. Вільні, у 1824 - сябрам камітэта па будаўніцтву ў Вільні палаца. Выступаў за вызваленне сялянаў.
Член масонскай ложы «Сябры чалавецтва» ў Гродне.
У 1825 праводзіў геалагічныя даследаванні па лініі ад Гродна ўздоўж Нёмана да межаў Курляндыі і Прусіі. Адкрыў горныя скалы юрскага перыяду. Пад час прац захварэў і памёр.
Творы
- Даследаванне з хіміі аб растварэнні. Напісаная для атрымання ступені доктара філасофіі. Чытана публічна 11 чэрвеня 1812 г. — Вільня, 1812. — 17 с.;
- Статыстычнае апісанне Літоўска-Гродзенскай губерні. — Вільня, 1817;
- Звесткі аб спосабе лячэння вар’яцтва магнетызмам. — Вільна, 1821. — 20 с. (на польскай мове).
Сям’я
У шлюбе з Анжаліка з Трэмбіцкіх. Дзеці:
- дачка Антаанева (нар. у 1823)
- Цыпрыян Ляхніцкі[pl] (1824—1906) — калекцыянер мастацтва, дырэктар рысавальнай школы і Музея прыгожых мастацтваў у Варшаве.
Літаратура
- Швед, В. В. Ляхніцкі Ігнацы Эмануіл Антоніевіч // Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн.. — Гродна: ГрДУ, 2007. — 275 с. — ISBN 978-985-417-866-0.