Ігнацій Яцкоўскі
Ігнацій Яцкоўскі, Ігнат Яскоўскі (1800, Навагрудак — 1873) — пісьменнік, мемуарыст, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў.
Біяграфія
Адвакат навагрудскіх прысутных месцаў. Падчас паўстання 1830—1831 гадоў дзейнічаў сярод навагрудскіх паўстанцаў, падафіцэр атрада навагрудскай кавалерыі. Затым у 13-м уланскім палку атрада Г. Дэмбінскага, у складзе якога адышоў у Варшаву. У Варшаве ўдзельнічаў у Гродзенскім сейміку 8.8.1831 года па абранні дэпутатаў на сейм. Па заканчэнні ваенных дзеянняў хаваўся ў Кракаве, інтэрніраваны. Выехаў 18.9.1833 з Трыеста ў Паўночную Амерыку. У студзені 1834 апынуўся ў Вялікабрытаніі, з 6.1.1834 да 18.6.1849 атрымліваў грашовую дапамогу брытанскага ўрада. У 1837 член Аб’яднання польскай эміграцыі, пасля 1844 выконваў абавязкі сакратара лонданскага аддзела Таварыства Трэцяга мая і яго карэспандэнта, у 1852 годзе член рады Таварыства навуковай дапамогі. У 1852—1855 гадах быў кампаньёнам А. Рыпінскага па выдавецкай справе — кіраваў польскай друкарняй і кнігарняй прыгарадзе Лондана Тотэнхэме(руск.) бел.. Атрымаў 2.9.1854 года брытанскае грамадзянства. Рашэннем Гродзенскай губернскай следчай камісіі ад 28.10.1832 аднесены да 2 разраду злачынцаў, маёмасць канфіскавана. У 1857 годзе атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму, вярнуўся і жыў пад Навагрудкам, дзе і памёр. Выступаў у друку з публіцыстычнымі творамі, успамінамі, вершамі.
Творчасць
Аўтар публіцыстычных кніг «Палітычныя творы» (Лондан, 1853), «Трохгадовае знаходжанне на Усходзе» (Лондан, 1857). У мемуарах «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (выйшла ананімна, 1-е выд. Лондан, 1854; 2-е выд. Познань, 1858) паказаны побыт і звычаі жыхароў Беларусі, апавядаецца пра хваляванне сялян у мястэчку Крошын Навагрудскага павета ў 1828 годзе. Гэтыя мемуары — адна з асноўных крыніц пра паэта Паўлюка Багрыма і яго творчасць, там апублікаваны і верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…». Трэба адзначыць, Яцкоўскі называе хлопчыка 10-гадовым Пётрыкам, а Паўлюку Багрыму падчас хваляванняў было 16 гадоў, аднак, мемуары Яцкоўскі пісаў з памяці.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 18. Кн. 1. — Мн., 2004.
- Гарбачова В. В. Удзельнікі паўстання 1830—1831 гг. на Беларусі: біябібліягр. слоўнік. — Мн., 2006.
- Potrykowski J. Tułactwo Polaków we Francji. Dziennik emigranta / Wyd. A. Owsiñska. T. 1-2. Kraków, 1974. — Т. 2. S. 268, 270;
- Bielecki R. Słownik biograficzny oficerów powstania listopadowego. T. 1-3. Warszawa, 1995—1998. — T. 2. S. 184;
- Kaczkowski J. Konfiskaty na ziemiach polskich pod zaborem rosyjskim po powstaniach roku 1831 i 1863. — Warszawa, 1918;
- Paszkiewicz M. Lista emigrantów polskichw Wielkiej Brytanii otrzymujłcych zasiłki od rządu brytyjskiego w latach 1834—1899 // Materiały do biografii, genealogii i heraldyki polskiej. T. 2. Buenos Aires, 1964. S. 59-109. — S. 76;
- Paszkiewicz M. Polacy naturalizowany w Wielkiej Brytanii w XIX wieku // Materiały do biografii, genealogii i heraldyki polskiej. T. 3. Buenos Aires, 1964. S. 65-116. — S. 88;
- PSB.
- Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX cт. — Мн., 1977. — С. 186—191;
- Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку. — Мн., 2006.