wd wp Пошук:

Іраклій Вісарыёнавіч Абашыдзэ

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абашыдзэ.

Іра́клій Вісарыёнавіч Абашы́дзэ (груз. ირაკლი ბესარიონის ძე აბაშიძე; 10 [23] лістапада 1909 — 14 студзеня 1992) — грузінскі паэт і дзяржаўны дзеяч. Першы сакратар (затым старшыня кіраўніцтва) Саюза пісьменнікаў Грузінскай ССР (1953—1967). Акадэмік Акадэміі навук Грузіі (1960). Герой Сацыялістычнай Працы (1979).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сяле Хоні Кутаіскай губерні. Пачаў друкавацца ў 1928 годзе. У 1931 годзе скончыў філалагічны факультэт Тбіліскага ўніверсітэта і праз тры гады ўжо ўдзельнічаў у Першым з’ездзе Саюза пісьменнікаў СССР. У 1939 годзе ўступіў у УКП(б). У час Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт. Пазней быў галоўным рэдактарам часопіса «Мнатобі» (груз. მნათობი).

У розны час быў старшынёй Саюза пісьменнікаў Грузіі. У 1970 годзе стаў таксама віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Грузінскай ССР. У 1960 годзе арганізаваў экспедыцыю ў грузінскі манастыр Святога Крыжа ў Іерусаліме, падчас якой была выяўлена фрэска Шоты Руставелі.

У 1960 годзе яму было прысвоена званне акадэміка Акадэміі навук Грузіі. З’яўляўся заснавальнікам і галоўным рэдактарам Грузінскай савецкай энцыклапедыі (тамы 1—12, 1975—1987), першым старшынёй таварыства Руставелі Грузіі (1980). У 1979 годзе яму было прысвоена званне Герой Сацыялістычнай Працы.

Паэзія Абашыдзэ заснавана на патрыятычных каштоўнасцях грузінскай культуры. Хоць Абашыдзэ быў даволі лаяльным да савецкага ладу, ён падтрымаў Звіяда Гамсахурдыя на шляху да незалежнасці Грузіі. Памёр Абашыдзэ 14 студзеня 1992 года ў Тбілісі і быў удастоены дзяржаўнага пахавання.

Творчасць

Асноўныя тэмы творчасці — Грузія ў мінулым і сучасным, лёс мастацтва, грамадзянскі абавязак паэта. Аўтар зборнікаў паэзіі «Набліжэнне» (1966), «І гэтыя песні — маёй Грузіі» (1971), «Радзіма» (1973), «Вятры ў даліне Рыёні» (1979), цыклаў вершаў «Па слядах Руставелі» (1959), «Палесціна, Палесціна» (прэмія імя Ш. Руставелі 1966), літаратурна-крытычных артыкулаў (зборнік «За высокае майстэрства», 1959). За цыкл «У палымянай Індыі» і кнігу «Па дарогах Індыі» ганараваны Міжнароднай прэміяй імя Дж. Нэру 1972.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Іраклій Вісарыёнавіч Абашыдзэ на сайце «Героі краіны»

Папярэднік:
Рафаэл Рафаэлавіч Двалі
9-ы Старшыня Вярхоўнага Савета Грузінскай ССР

12 ліпеня 197114 лістапада 1990
Пераемнік:
Звіяд Канстанцінавіч Гамсахурдыя
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэты XX стагоддзя Катэгорыя·Паэты Грузіі Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be