Адам Каменскі-Длужык
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Каменскі. Ада́м Каме́нскі-Длу́жык (? — пасля 1672) — пісьменнік-мемуарыст.
Паходзіў, магчыма, з аршанскай шляхты. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў апынуўся на захопленай тэрыторыі і прысягнуў цару. Пасля далучыўся да войска Рэчы Паспалітай, у бітве на Басі ў 1660 годзе трапіў у палон. Праз Магілёў быў перавезены ў Маскву. У Расіі вядомы пад імем Грышка. У 1661 годзе разам з іншымі «людзьмі літоўскімі, здраднікамі» накіраваны на прымусовую службу ў Сібір. Спачатку служыў «казакам» у Табольску, з 1662 года ў Якуцку, дзе ў 1664—1668 гадах быў наглядчыкам у вязніцы. Пасля заключэння Андросаўскага перамір’я 1667 года выехаў у Маскву, куды прыбыў у 1669 годзе, і ў 1772 годзе разам з пасольствам Рэчы Паспалітай выехаў на радзіму.
Каменскі-Длужык пакінуў кароткі дыярыуш свайго побыту ў Расіі, дзе прыведзены звесткі аб прыродзе і эканоміцы Сібіры, яе народах (комі-зыранах, мансі, хантах, якутах, чукчах, тунгусах (эвенках)), іх побыце і вераваннях. Удзел Каменскі-Длужыка ў экспедыцыі, што быццам выйшла на суднах з Лены, абагнула мыс Дзяжнёва і дасягнула Амура, непраўдападобныя. Відаць, шматлікія звесткі Каменскага-Дужыка узяў з расказаў мясцовых жыхароў. Напісаны па-польску з шматлікімі беларусізмамі дыярыуш Каменскага-Длужыка стаў першай наратыўнай крыніцай, прысвечанай апісанню Сібіры. Захаваўся ў копіі XVIII ст.
Творы
- Diariusz więzienia moskiewskiego, miast i miejsc // Dwa polskie pamiętniki z Syberii XVII i XVIII wieku. — Wrocław, 1996.
- Dyaryusz więzienia moskiewskiego, miast i miejsc opisany // Warta. — Poznań, 1874.
- Дыярыуш маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. — Мн., 1974. — Выпуск 2. — С.
Зноскі
Літаратура
- Polewoj, B.R. W poszukiwaniu nowych danych o Diariusz Adama Kamieńskiego-Dłużyka // Lud. — 1994. — Tom 77. — S.
- Грицкевич, В. П. От Немана к берегам Тихого океана. — Мн., 1986. — С. 47 — 52.
- Коршунаў, А. Ф. Нататкі з падарожжа па Сібіры ў XVII ст.: («Дыярыуш Адама Камнескага») // А. Ф. Коршунаў // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1973. — № 1. — С.