wd wp Пошук:

Алесь Аляксандравіч Каўрус

Алесь Аляксандравіч Каўрус (18 мая 1935, в. Брусы, Мядзельскі раён, Мінская вобласць) — вядомы беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук (1965), дацэнт. Выдатнік адукацыі Беларусі.

Біяграфія

Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, вядомай традыцыямі нацыянальна-патрыятычнага руху. У 1959 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педінстытут. Працаваў настаўнікам на Мядзельшчыне (1959—1962). Пасля навучання ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце ў 1965 абараніў кандыдацкую дысертацыю. Потым у 19651968 гадах працаваў старшым выкладчыкам Мазырскага педінстытута, у 19681974 гадах — старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.

Балюча ўспрымаў знішчэнне беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, якое праводзіў камуністычны рэжым у краі, усеагульную русіфікацыю грамадскага і палітычнага жыцця, не прымаў антыбеларускую па сутнасці пазіцыю тагачаснага кіраўніцтва акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, падтрымліваў кантакты з аднадумцамі з акадэмічнага і выкладчыцкага асяроддзя. У сваіх публікацыях, на лекцыях у інстытуце, у выступах і навуковых дыскусіях пастаянна адстойваў самабытнасць беларускай мовы, яе правы ў грамадскай сферы. Гэта не прайшло міма ўвагі камуністычных улад. У пачатку 1974 года Каўрус быў дастаўлены ў КДБ на допыт, а 22 сакавіка Вучоная рада інстытута, якая знаходзілася пад ціскам парткаму і дырэкцыі, выносіць пастанову аб неадпаведнасці ўжо шырока вядомага на той час беларускага мовазнаўцы займаемай пасадзе. У пратаколе пасяджэння рады ў прыватнасці было запісана: «Знаходзяцца яшчэ ў нашым асяроддзі людзі, якія свядома становяцца на пазіцыі нашых ідэйных праціўнікаў і спрабуюць весці барацьбу супраць палітыкі партыі і ўраду… Партарганізацыя і дырэкцыя маюць матэрыялы, з якіх відаць, што гэта група (гаворка ідзе пра навукоўцаў з „Акадэмічнага асяродку“. — М. Ч.) сыходзілася ў поглядах, перыядычна збіралася, затым вяла гутаркі, абмяркоўвала свае пытанні ў закрытым парадку». 4 красавіка 1974 года паводле загаду дырэктара Каўрус быў зволены з працы.

Але на гэтым пераслед не скончыўся — былі вернуты з выдавецтва рукапісы яго манаграфіі і артыкулаў, яго прозвішча выкрэслівалася з публікацый іншых аўтараў. Нават прозвішча яго жонкі было выкрэслена з адпаведных тамоў «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», над якімі яна працавала як рэдактар. І толькі ў 1980 годзе, пасля шасці гадоў вымушанай паўзы, ўбачыла свет новая апублікаваная праца беларускага навукоўца-патрыёта.

Больш за паўгады пасля звальнення з інстытута Каўрус быў бяз працы. 17 кастрычніка 1974 з дапамогай намесніка старшыні Савета міністраў БССР Ніны Сняжковай, якая ўвогуле з пэўным разуменнем ставілася да беларускага адраджэння, яму ўдалося ўладкавацца на пасаду рэдактара выдавецтва «Народная асвета». Такія ж цяжкасці сустракаў ён і ў далейшым, і толькі з 1981 г. пачынае працаваць на кафедры беларускага мовазнаўства ў Беларускім дзяржаўным педагагічным інстытуце, дзе, нарэшце, мог цалкам прысвяціць сябе выкладчыцкай і навуковай дзейнасці.

З 1982 па 2006 год дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Даследуе мову мастацкай літаратуры і сродкаў масавай інфармацыі, беларускую тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і іншае. Аўтар некалькі кніжак і больш як 250 артыкулаў.

Творчасць

  • 1968 — «З крыніц народнай мовы»
  • 1980 — «Стылістыка беларускай мовы» (2-е выд. 1987, 3-е выд. 1992)
  • 1983 — «Культура слова»
  • 1986 — «Слова наша роднае»
  • 1989 — «Мова народа, мова пісьменніка»,
  • 1994 — «Дакумент па-беларуску», у суаўтарстве з М. Круталевічам
  • 2005 — «Стараславянская мова», навучальны дапаможнік для студэнтаў ВНУ
  • 2013 — Словаклад. Слоўнік адметнай лексікі

Літаратура

  • А.Клышка. Прадмова да артыкула А.Каўруса «Да свайго слова» // Полымя. 1995, № 5;
  • С.Антановіч. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // Літаратура і Мастацтва. 10.05.1991;
  • С.Міско. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1 (6), ліпень;
  • В.Рабкевіч. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be