Алесь Рыбак
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Рыбак (значэнні). Алесь Рыбак (поўнае імя: Аляксандр Пятровіч; 7 лістапада 1934 г., вёска Макаўчыцы, Дзяржынскі раён, Мінская вобласць, цяпер ў межах горада Дзяржынск — 7 мая 2017) — беларускі пісьменнік.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Рана застаўся без бацькоў — загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1958 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях радашковіцкай, дзяржынскай і бягомльскай раённых газет (1958—1959), часопісе «Вожык», газеце «Калгасная праўда» (1959—1962), на Беларускім радыё (1962—1963), у часопісе «Бярозка» (1963—1964). З 1966 да 1972 г. жыў у Маскве — працаваў старшым карэктарам у Аддзеле апублікавання Актаў Вярхоўнага Савета СССР, рэферэнтам у сакратарыяце Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Па сумяшчальніцтве выкладаў беларускую мову ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. З 1972 г. — намеснік адказнага сакратара праўлення СП БССР, у 1978-? гг. — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1953 г. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Дарогі бываюць розныя» (апавяданні і гумарэскі, 1972), «Што пасееш…» (1982), «Апошняя камандзіроўка» (1985), рамана «Трэба было жыць» (1990). Выдаў кніжку апавяданняў для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).
Зноскі
Літаратура
- Рыбак Алесь (Аляксандр Пятровіч) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 481. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.