Алесь Стаховіч
Алесь (Аляксандр Іосіфавіч) Стаховіч (3 ліпеня 1907, в. Кашына, Аршанскі раён, Віцебская вобласць — 7 лютага 1956) — беларускі пісьменнік. Бацька архітэктара Алега Стаховіча.
Біяграфія
Сярэднюю школу скончыў у Оршы (1923 г.). Тады ж уступіў у камсамол і быў накіраваны на камсамальскую работу — спачатку ў Оршу, потым у Мсціслаўскі райкам камсамола. Працаваў загадчыкам аддзелаў культуры і прапаганды ў Крупскім, Талачынскім, Жлобінскім райкамах партыі. Быў начальнікам палітаддзела ў саўгасах «Горкі-Апчак», «Старчыцы», інструктарам ЦК КП Беларусі. 3 1938 г. адказны сакратар рэдакцыі часопіса «Полымя». Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, пайшоў на фронт, працаваў у армейскіх газетах. Пасля вайны на творчай рабоце. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі.
Друкавацца А. Стаховіч пачаў у 1928 г. у «Чырвонай змене». У 1930 г. у часопісе «Беларуская работніца і сялянка» апублікавана яго першае апавяданне «Яе шлях». Пісаў нарысы, фельетоны, невялікія апавяданні. Першая кніга яго апавяданняў «Маленькія героі» (1939 г.) прысвечана дзецям. Пра даваеннае і пасляваеннае жыццё расказаў у аповесці «Пампей Шчупак», раманах «Пад мірным небам», «Шырокія гарызонты». Гэтыя творы, актуальныя па тэматыцы, не вылучаліся пастаноўкай вострых праблем. Наадварот, усе складанасці жыцця калгаснікаў напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд тут прыхарошаны. У яго творах назіраецца даніна пануючай тады ў мастацтве тэорыі бесканфліктнасці. Аповесць А. Стаховіча «Шумяць лясы» прысвечана партызанскай барацьбе на тэрыторыі Беларусі. Пераклаў на беларускую мову «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б. Палявога. Творы А. Стаховіча выдаваліся на рускай і польскай мовах.
Зноскі
Літаратура
- Стаховіч Алесь // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. — Мн., 1995. — Т. 5. — С. 418.
- Стаховіч Алесь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1987. — Т. 5. — С. 125—126.