wd wp Пошук:

Аляксандр Залманавіч Гутковіч

Алякса́ндр За́лманавіч Гутко́віч, таксама вядомы як Аляксандр Захаравіч Гутковіч (20 снежня 1920, Аскеркі, Бешанковіцкі раён — 1989) — беларускі драматург, рэжысёр, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1981). Першым ажыццявіў экранізацыю рамана «Людзі на балоце» Івана Мележа.

Біяграфія

Скончыў Вярхоўскую сямігадовую школу Бешанковіцкага раёна (1935), потым год вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме ў Мінску, пасля здачы экстэрнам экзаменаў за 8 і 9 класы — у Бешанковіцкай сярэдняй школе. Пазней стаў студэнтам Ленінградскага інстытута інжынераў прамысловага будаўніцтва, але вучоба ў тэхнічнай навучальнай установе А. Гутковіча не задавальняла, бо ён заўсёды марыў аб сцэне. Правучыўшыся год, пачаў займацца ў студыі Вялікага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Ленінградзе (1938—1939). Адначасова працаваў артыстам дапаможнага складу тэатра.

У 1939 працягваў вучобу на рэжысёрскім факультэце Ленінградскага тэатральнага інстытута. У канцы таго ж года прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў радавым стралковага палка, культмасавым работнікам у палітаддзеле спецвойск Ленінградскага гарнізона. У маі 1941 дэмабілізаваўся і прыехаў да бацькоў у Бешанковічы, куды яны пераехалі з вёскі. Тут і застала вайна. Разам са сваякамі эвакуіраваўся ў Ніжні Тагіл, быў начальнікам клуба ваеннага завода, потым ваеннага шпіталя ў Бійску. У 1942 мабілізаваны на фронт. Ваяваў на Прыбалтыйскім фронце.

Пасля вайны паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Падчас вучобы А. Гутковіч з’яўляўся штатным, потым пазаштатным рэпарцёрам БелТА па Мінску, а ў 1948—1950 — пазаштатным карэспандэнтам газеты «Звязда». Скончыўшы ў 1957 г. інстытут, працаваў акцёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. З 1957 — загадчык педагагічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1959 — рэжысёр на Рэспубліканскай студыі Беларускага тэлебачання.

Творчасць

Літаратурнай працай займаўся з 1947 г. А. Гутковіч — аўтар шматлікіх п’ес і тэлевізійных пастановак. Разам з Ф. Казлоўскім напісаў п’есу «Справа яе жыцця» (ставілася ў Віцебску і Гродне), «І праўда, і шчасце» (Брэст), інсцэніраваў раман К. Чорнага «Трэцяе пакаленне» (Бабруйск) і раман Д. Гараніна «Шукальнікі» (Віцебск), разам з У. Хазанскім напісаў п’есу «Юныя мсціўцы» («Мінск»). Яго пастаноўкі вызначаліся імкненнем да найбольш дакладнага пераносу літаратурнай першакрыніцы на тэлеэкран, добрымі сцэнічнымі якасцямі, шматграннасцю мастацкіх вобразаў і актуальнасцю праблематыкі, яе сацыяльным гучаннем.

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Зноскі

Літаратура

  • Гутковіч Аляксандр // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. — Мн., 1992. — Т. 2. — С. 304—305.
  • Гутковіч Аляксандр Залманавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 кн. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]; пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 326.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be