wd wp Пошук:

Анатоль Андрэевіч Дзялендзік

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дзялендзік. Анатоль Андрэевіч Дзяле́ндзік (нар. 4 сакавіка 1934, в. Кулакі, Салігорскі раён, Мінская вобласць — 29 лістапада 2019, Мінск) — беларускі драматург, сцэнарыст, празаік.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сям’і служачага. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, партызан, разведчык, пазней ад’ютант генерала В. Казлова. У 1957 скончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Працаваў урачом у рэспубліканскай псіханеўралагічнай бальніцы ў Мінску (1957-68). Скончыў завочна Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве (1969). Каля 20 гадоў працаваў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1965.

Творчасць

Піша на рускай і беларускай мовах. У 1963 выйшла першая кніга — зборнік гумарэсак “Пагібель «Тытаніка». Аўтар драм «Выклік багам» («Чатыры крыжы на сонцы», 1967, пастаўлена ў 1965), «Грешная любовь» (Масква, 1970, пастаўлена ў 1967), «Начное дзяжурства» (1972, пастаўлена ў 1970), «Последняя земляника в августе» (пастаўлена ў 1975), «Гаспадар» (пастаўлена ў 1985), камедый «Амазонки» (1974, пастаўлена ў 1972), “Операция «Многоженец» (1976, пастаўлена ў 1974), «Аукцион» (пастаўлена ў 1988), «Гіпапатам» (1981). Напісаў шэраг аднаактовых п’ес («Абы ціха», «Дзяўчына з камвольнага» і інш.). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў «Познай себя» (пастаўлены ў 1972), «Голубой карбункул» (пастаўлены ў 1979) і мастацкіх фільмаў «Заўтра будзе позна» (з М. Крно, пастаўлены ў 1973), «Неудобный человек» (пастаўлены ў 1985), «Волки в зоне» (пастаўлены ў 1990). Напісаў таксама шэраг радыёп’ес («Шаўковыя травы», «Даўгавечнік», «Дыягназ» і інш.). У 1981 выйшаў зборнік камедый “Аперацыя «Мнагажэнец», у 1985 — «П’есы».

Ужо ў камедыі «Гіпапатам» А. Дзялендзіка адчуваецца істотны паварот да ўмоўнасці, скарыстання сродкаў абсурду. Яго п’еса «Султан Брунея» (паст. 1998) паводле сваіх стылёвых прыкмет цалкам належыць да «камедыі абсурду». Твор прысвечаны рэаліям «пасляперабудовачнага» часу. Аўтар паказвае сацыяльныя кантрасты жыцця, супярэчнасці побыту.

Пастаўлена 26 п’ес («Выклік багам» ішла больш як у 100 тэатрах). Знята 6 мастацкіх фільмаў (сумесна з Чэхаславакіяй фільм «Заўтра будзе позна» — аб нацыянальным героі Славакіі Яне Налепку — атрымаў прэмію на міжнародным кінафестывалі ў Плзене за лепшы сцэнарый, зняты ў Кіеве тэлефільм «Пазнай сябе» атрымаў Гран Пры на міжнародным кінафестывалі ў Варне. Па матывах жыцця двойчы Героя сацыялістычнай працы В. Бядулі на кінастудыі «Масфільм» зняты фільм «Нязручны чалавек».

«Ваўкі ў зоне» стаў першым мастацкім фільмам, прысвечаным чарнобыльскай катастрофе. Карціна «Анастасія Слуцкая» атрымала 17 прызоў на міжнародных кінафестывалях, у тым ліку залаты і плацінавы прызы ў ЗША і прыз «Залаты певень і сто кветак» у Кітаі.

Выдадзена каля 15 кніг (у т.л. зборнік адзінаццаці камедый «Гіпапатам»).

Узнагароды

За свае заслугі быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Зноскі

Літаратура

  • Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be