Анатоль Васілевіч Багдановіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Багдановіч. Анатоль Васілевіч Багдановіч (28 жніўня 1888, в. Мікольскае Дрысенскага павета Віцебскай губерні, цяпер в. Луначарскае Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці — 2 жніўня 1969, Херсон, Украіна) — беларускі і рускі мовазнавец, педагог.
Біяграфія
Брат Генадзя Багдановіча. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (1913). Настаўнічаў у Беларусі. З 1925 года пачаў друкавацца па пытаннях бел. мовазнаўства. З лютага 1926 г. дацэнт кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова ў Інбелкульце сакратар Арфаграфічнай камісіі, потым Камісіі беларускай літаратурнай мовы. Як лінгвіст высокай кваліфікацыі браў дзейсны ўдзел у стварэнні праектаў правапісу 1930 і 1933 гг. Не страціў навукова-пазнавальнага значэння і практычнай актуальнасці яго падручнік для тэхнікумаў і самаадукацыі «Беларуская мова». «Самавучыцель беларускай мовы» застаўся ў рукапісе. Пасля хвалі рэпрэсій супраць беларускай мастацкай і навуковай інтэлігенцыі, арышту брата Г. Багдановіча ў 1930 годзе пазбаўлены права выкладання ва ўніверсітэце. Пад пагрозай арышту ў 1934 годзе пакідае Беларусь. Працаваў у Астраханскім, Магнітагорскім, Краснадарскім педінстытутах, дзе выкладаў рускую мову. Падчас працы ў Краснадары ў суаўтарстве з іншымі педагогамі выдаў падручнік рускай мовы для адыгейскіх школ. Апошнія гады жыцця працаваў у Херсонскім педінстытуце на кафедры рускай мовы.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 204. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
Спасылкі
- Багдановіч Анатоль Васілевіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»