Анатоль Васільевіч Прохараў
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Прохараў. Анатоль Васільевіч Прохараў (нар. 21 ліпеня 1949, вёска Рудкаўшчына, Горацкі раён) — беларускі паэт, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і калгаснікаў. Скончыў у Рудкаўшчыне школу-васьмігодку.Потым ГПТВ №18 горада Маркс Саратаўскай вобласці. Атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы атрымаў у Горацкай СШ №1 (завочна). Служыў у Савецкай Арміі ў ракетных войсках. Пасля арміі працаваў будаўніком-электрыкам на будаўніцтве газаправода Таржок — Мінск — Івацэвічы. На працы атрымаў цяжкую траўму і быў надоўга прыкаваны да бальнічнага ложка ( год быў паралізованы і шесць месяцаў нічога не бачыў). Як успамінае паэт у гэта час яму вельмі дапамог народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Зараз на пенсіі па інваліднасці ( 2-я група) і жыве ў Оршы.
Літаратурная творчасць
Літаратурны дэбют адбыўся ў 1980 годзе і першы верш быў надрукаваны ў Горацкай раённай газеце «Ленінскі шлях». У 1983 годзе ў выдавецтве «Юнацтва» выйшла першая кніжка паэта «Буркаток», а ў 1988 годзе, калі была адкрыта новая серыя «Дэбют», ён надрукаваў зборнік вершаў «Птушыны гарадок» (1988). Потым былі кнігі: «Чарадзейка» (1994), «Вясёлы карагод» (2005). Удзельнік 9 калектыўных зборнікаў і альманахаў. У розны час яго вершы ўключаліся ў падручнікі для малодшых класаў па беларускай мове. Яго вершы прыцягваюць да сябе ўвагу дарослых і маленькіх чытачоў, што кранаюць сваёй непасрэднасцю светаўспрымання, лёгкасцю і дакладнасцю рыфмаванага слова, удалым гумарам і пластыкай вобразаў.
Друкуецца ў рэспубліканскіх, абласных і раённых СМІ. Падборкі вершаў для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту ўвайшлі ў абласныя літаратурныя альманахі «Дзвіна» — 2009 і 2017 гг., часопіс «Вожык» і інш. Сябра літаратурнага народнага аб’яднання «Роднае слова», што працуе пры Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі.
Прызнанне
- Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі (2007).
Творы
- Буркаток — Мн.: 1983.
- Птушыны гарадок — Мн.:1988.
- Чарадзейка — Мн.: 1994.
- Вясёлы карагод — Мн.:2005.
Узнагароды
- Ганаровая грамата Саюза пісьменнікаў Беларусі (2009).
- Дыпламант рэспубліканскіх фестываляў творчасці інвалідаў «Шлях — сябе» і «Глядзі на мяне, як на роўню».
Літаратура
- Дзеружкова, Людміла. Сустрэча са славутым земляком / Л. Дзеружкова // Горацкі веснік. — 2016. 16 жніўня. С. 5.
- Дзетліковіч, П. На паэтычнай хвалі Анатоль Прохараў / П. Дзетліковіч // Ленінскі шлях (Горкі).1994. 10 верасня.
- Дзетліковіч, П. Сэрца закаханага звонкая струна… / П. Дзетліковіч // Ленінскі шлях (Горкі). 1991. 25 верасня.
- Прохараў Анатоль Васільевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна. — Мінск: 1996. С. 557.
- Ліўшыц, Уладзімір. «Тут першы крок зрабіў я ў жыцці»/ У. Ліўшыц // У кн. Раскопкі вакол Горацкага Парнаса- Горкі: 2001. С.217-219.
Спасылкі
- Прохараў, А. на сайце «Край Магілёўскі. Культура. Мастацтва. Літаратура» Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна.http://catalog.library.mogilev.by/kray/Znak_new/gorki/r6p16_13.htm
- Творы Прохарава, А. на сайтах: http://dzietkam.knihi.com/teksty/Cyt_3-4 Архівавана 13 лютага 2019.; http://belaryskaiahata.blogspot.com/p/blog-page_654.html