Анатоль Леанідавіч Верабей
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Верабей. Анатоль Леанідавіч Верабей (нар. 10 жніўня 1950, вёсцы Вайнілавічы, Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі крытык, літаратуразнавец.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Скончыў у 1972 годзе філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у 1972—1974 гадах навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Пасля заканчэння аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1974) — навуковы супрацоўнік гэтага інстытута (1977—1990). З 1990 г. — дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1988 г.
Навуковая дзейнасць
У друку выступае з 1976 года як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў; Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20-30-х гадоў» (1990), брашуру «Паэзія Максіма Танка» (1983). Удзельнічаў у выданні творчай спадчыны П.Пестрака (Збор твораў у 5 тамах, т. 3, 1985), У.Хадыкі («На ўзвеях дзён», 1986), У.Караткевіча (Збор твораў у 8 тамах, 1987—1991).
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8.