Андрэй Рыгоравіч Капуцкі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Капуцкі. Андрэй Рыгоравіч Капуцкі (псеўданімы: Я. Пралеска; Язэп Пралеска; партыйныя псеўданімы: Лёкса; Хвастоў; 2 мая 1897, Маладзечна — 17 мая 1934, Менск, НКУС) — грамадскі і палітычны дзеяч, празаік, паэт, журналіст.
Біяграфія
Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, у 1916 годзе прызваны ў войска. У 1917 годзе жыў у Петраградзе. З 1918 года ў Маладзечне. У перыяд нямецкай і польскай акупацыі займаўся падпольнай дзейнасцю. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922), разам з якой у снежні 1923 года ўступіў у КПЗБ. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі — у 1919—1922, 4.10.1925 (апошні раз прасядзеў у турме без суда 14 месяцаў).
У ліпені 1927 года нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Жыў у Менску, працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», часопіса «Полымя рэвалюцыі». У сакавіку 1928 года разам з С. Клінцэвічам па даручэнні ЦК КПЗБ удзельнічаў у забойстве ў Вільні М. Гурына-Маразоўскага.
Зноў вярнуўся ў БССР. У 1931 годзе скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі. Працаваў у Гістпарце пры ЦК КП(б)Б, загадчыкам сектара друку ЦК КП(б)Б, в. а. рэдактара газеты «Савецкая Беларусь». Як паэт публікаваўся з 1929 года.
Арыштаваны 29 верасня 1933 года ў Менску па адрасе вул. Рэвалюцыйная, д. 1, кв. 6 па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 9 студзеня 1934 года прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 9.1.1934 або 17.5.1934. Рэабілітаваны 16 жніўня 1956 года. Асабовая справа К. № 10182-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Памяць
Імем Капуцкага названа вуліца ў Маладзечне.
Літаратура
- Капуцкі Андрэй Рыгоравіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Капуцкі Андрэй Рыгоравіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.