wd wp Пошук:

Антон Францавіч Бубала

Антон Францавіч Бубала (27 кастрычніка 1942, в. Гісялёва Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл.) — беларускі грамадскі дзеяч, краязнавец, паэт.

Біяграфія

Нарадзіўся 27 кастрычніка 1942 г. у вёсцы Гісялёва Асвейскага (цяпер Верхнядзвінскага) раёна падчас нямецкай акупацыі Беларусі. Яшчэ будучы немаўлям прайшоў праз канцлагер у Саласпілсе. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Даўгаўпілскага педагагічнага інстытута. У Камсамольску-на-Амуры ён завочна скончыў педінстытут з чырвоным дыпломам. Працаваў настаўнікам у школах Латвіі і ў Верхнядзвінскім раёне Беларусі. Пэўны час узначальваў аддзел культуры Верхнядзвінскага райвыканкама. Жыве ў Верхнядзвінску, з’яўляецца старэйшым навуковым супрацоўнікам Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Ганаровы грамадзянін Верхнядзвінска.

Дзейнасць

Краязнаўствам пачаў займацца з 1972 г. Даследуе гісторыю, культуру і геаграфію Паўночнай Беларусі, у асноўным тэрыторыю Верхнядзвінскага, часткова Міёрскага і Расонскага раёнаў. Актыўны папулярызатар і арганізатар турысцка-краязнаўчага руху ў рэгіёне. Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні шэрага навуковых канферэнцый рэгіянальнага і міжнароднага ўзроўню. Адзін з асноўных аўтараў і ўкладальнікаў кнігі “Памяць. Верхнядзвінскі раён”.

З 1972 г. аўтыўна друкуецца ў сродках масавай інфармацыі. Выдаў некалькі ўласных паэтычных зборнікаў. Аўтар і рэдактар некалькі дзясяткаў кніг і брашур, буклетаў і паштовак, прысвечаных краязнаўству ў рэгіёне. Рэгулярна публікуецца ў газеце “Дзвінская праўда” з артыкуламі па гісторыі Поўначы Беларусі.

Актыўны грамадскі дзеяч, папулярызатар беларускай нацыянальнай культуры, дзеяч беларускага адраджэнскага руху. З’яўляецца сябрам шэрага грамадскіх аб’яднанняў, старшынёй клуба “Шукальнік”, ініцыятарам і арганізатарам рэгіянальных турслётаў, пешых, лыжных і водных тэматычных турыстычных паходаў, займаецца добраўпарадкаваннем месцаў пахаванняў ахвяр Другой сусветнай вайны.

Зноскі

Літаратура

  • Бяроза над затокай: вершы / А.Ф. Бубала. — Мінск, 2012.
  • Бубала Антон Францавіч // Краязнаўчая газета. — 2005 — № 12 (сакавік). — С. 2.
  • Пуцявінамі роднага краю: прырода і гісторыя Верхнядзвіншчыны / А. Ф. Бубала. — Наваполацк, 2017. — 248 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be