Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гіруць. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Русакевіч.
Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч (18 кастрычніка 1953, Міхайлоўшчына, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць — 22 студзеня 2021, Валожын, Мінская вобласть, Беларусь) — беларуская паэтэса, журналістка, грамадскі дзеяч. Член Беларускага саюза журналістаў (1985), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1998), Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005), Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (2009).
Біяграфія
Скончыла Міхайлоўшчынскую сярэднюю школу (1970), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (факультэт журналістыкі).
У 1975—1997 гадах працавала ў валожынскай раённай газеце «Працоўная слава». У 1997—2002 гадах узначальвала аддзел інфармацыі і работы з насельніцтвам Валожынскага райвыканкама. У 2004—2021 гадах працавала ў Валожынскім раённым цэнтры культуры кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь».
З маладосці хварэла на бранхіяльную астму. З узростам хваробаў стала болей, але паэтэса шмат працавала. У пачатку студзеня 2021 года захварэла на COVID-19 і гаспіталізавана, праз ускладненні хваробы пераведзена ў рэанімацыю на ШВЛ. Памерла 22 студзеня 2021 года.
Пахавана на Валожынскіх могілках.
Творчасць
Першыя вершы, а іх Валянціна пачала пісаць з васьмігадовага ўзросту, былі надрукаваны ў 1969 годзе ў ашмянскай раённай газеце «Красное знамя». На абласным злёце маладых паэтаў Гродзеншчыны, дзе выступала на 130-годдзі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, пазнаёмілася з паэтам Алегам Лойкам. Падчас вучобы ва ўніверсітэце адзін з вершаў В. Гіруць надрукаваны ў калектыўным зборніку «Універсітэт паэтычны», дзе былі прадстаўлены творы ўсіх паэтаў, хто вучыўся ў гэтай навучальнай установе.
Першая кніга В. Гіруць-Русакевіч «Я адкрываю вам душу» выйшла пад канец 1996 годзе ў серыі «Бібліятэка часопіса „Маладосць“». Да гэтага былі публікацыі ў часопісе «Полымя», газетах «Рэспубліка», «Народная газета», «Мінская праўда». Працуючы ў рэдакцыі валожынскай раённай газеты, Валянціна Францаўна вяла «Літаратурную старонку», займалася з юнымі паэтамі ў літаратурным аб’яднанні «Рунь», якому ў 1997 годзе было прысвоена званне народнага. Пазней выйшлі зборнікі вершаў «Пад зоркаю лёсу» (1999), «Мовай сэрца» (2008), «На нітцы часу» (2018); кнігі для дзяцей «Каляровыя вятры» (2011), «А ці ведаеце вы?» (2013).
Тэматыка вершаў В. Гіруць-Русакевіч розная, але галоўная — любоў да сваёй Радзімы, людзей, якія жывуць побач, сяброў, блізкіх. Яна часта сустракалася з чытацкай аўдыторыяй у бібліятэках, школах, іншых установах. У 2009 годзе аўтабіяграфія В. Гіруць-Русакевіч увайшла ў кнігу аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі «З росных сцяжын» (Мінск, «Мастацкая літаратура»).
Народнае літаратаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь»
Літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь» створана ў 1978 годзе, адным з заснавальнікаў была Валянціна Гіруць-Русакевіч. У 1997 годзе аб’яднанню прысвоена званне «народнага». З 2004 па 2021 гады Гіруць-Русакевіч з’яўлялася кіраўніком аб’яднання. У яго склад уваходзяць паэты і празаікі ўсіх узростаў. Сярод традыцыйных форм работы аб’яднання: вечары-партрэты, вечары-ўшанаванні, літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі кніг, літаратурныя святы, экскурсіі і г. д. Пад кіраўніцтвам В. Гіруць-Русакевіч удзельнікі аб’яднання выдавалі ўласныя кнігі і калектыўныя зборнікі кніг. На 2022 год у аб’яднанні налічваецца 35 чалавек, сярод іх як члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і пачынаючыя аўтары. Пасля смерці паэтэсы намаганнямі кіраўніка «Руні» Н. Жылевіч была выдадзена кніга «Час задумацца», у якую ўвайшлі многія ненадрукаваныя вершы Валянціны Гіруць-Русакевіч.
Узнагароды
- Нагрудны знак-медаль Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».
Памяць
Алея памяці Валянціны Гіруць-Русакевіч — 8 кастрычніка 2021 года ў Міхайлоўшчыне высаджана алея імя В. Гіруць-Русакевіч. Да пасадкі алеі далучыўся муж паэтэсы Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, старшыня сельскага Савета Аляксандр Саванец, кіраўнік справамі Жанна Садоўская, кіраўнік і ўдзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Наталля Жылевіч, Зінаіда Гасціловіч, Людміла Садоўская і Марыя Мучынская.
Творы
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. А ці ведаеце вы?: вершы: для дзяцей мал. шк. узросту / Валянціна Гіруць-Русакевіч; маст. Дана Рунова. — Мінск:. Выдавецкі дом «Звязда», 2013. — 32 с.: іл.
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Мовай сэрца: кніга паэзіі / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Маст.літ., 2008. — 158 с.
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. На нітцы часу: выбранае / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2018. — 200 с. — (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі).
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Пад зоркаю лёсу: вершы / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мн.:Беларускі кнігазбор, 1999. — 128 с.
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Я адкрываю вам душу: вершы/ Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Дзяржаўнае прадпрыемства «Дом прэсы», 1996. — 32 с. — (Бібліятэка часопіса «Маладосць»).
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Час задумацца: выбранае / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: ІП Наўмовіч М. І., 2022. — 92 с. (ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»).
Літаратура
- Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г. У. Палубінская.-Ашмяны, 2017. — С. 32-33.
- Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С.569. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы).
- Рыбік, Л. Для мяне вы ўсе — сваякі: аб сустрэчы з беларускай паэтэсай В.Гіруць-Русакевіч у Ашмянскай раённай бібліятэцы/ Людміла Рыбік// Ашмянскі веснік. — 2018 — 10 лістапада (№ 87). — С.5.
- Сцяжыны майго жыцця: з успамінаў Валянціны Гіруць-Русакевіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С. 569—571. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы)
Спасылкі
- http://oshmraibibl.bibdetoshm.by/2019/10/16/%D0%B3%D1%96%D1%80%D1%83%D1%86%D1%8C-%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B0%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87-%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%86%D1%96%D0%BD%D0%B0-%D1%84%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%86%D0%B0%D1%9E%D0%BD/
- https://oshmyany.fpb.1prof.by/publications/news/u-mixajlo%D1%9Eshchyne-adznachyli-svyata-radasc-sustrechy-pad-axovaj-svyatoga-ili/