wd wp Пошук:

Васіль Струмень

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лебедзеў. Васіль Струмень (сапр. Аляксандр Мікалаевіч Лебедзеў; 19 сакавіка (1 красавіка) 1914, вёска Лявонцьева, Калагрыўскі павет, Кастрамская губерня, цяпер Мантураўскі раён, Кастрамская вобласць, Расія — 25 кастрычніка 1992, Сарны, Ровенская вобласць, Украіна) — беларускі і ўкраінскі паэт, празаік, педагог.

Біяграфія

Пісаў на беларускай і ўкраінскай мовах. Бацька загінуў на фронце ў 1915 годзе. У 1921 г. сям’я перабралася на радзіму айчыма ў вёску Зачэпічы Лідскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць). У 1930 года арганізаваў і ўзначаліў камсамольскую ячэйку ў вёсцы Зачэпічы. У 1932 г. уступіў у КПЗБ. Першы яго верш «Наша доля» апублікаваны ў падпольнай газеце «Малады камуніст» у 1931 годзе, першыя сатырычныя нататкі ў 1932 годзе. За рэвалюцыйную дзейнасць, публікацыю антыўрадавых вершаў і ўдзел у забастоўцы на шклозаводзе «Нёман», дзе працаваў у 1935—1936 гг., зняволены ў турмах Ліды, Глыбокага, Вілейкі. За спробу нелегальна перайсці савецка-польскую мяжу зняволены ў Вілейскай турме. Пасля адбыцця тэрміну пакарання прымусова здадзены ў армію. За рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат польскай арміі ў 1937—1938 гг. адбываў пакаранне ў Лідскай гарнізоннай турме строгага рэжыму. У 1938 годзе разам з бацькамі пераехаў на Ровеншчыну. Удзельнічаў у рэвалюцыйным падполлі Заходняй Украіны. Пасля 1939 г. працаваў у сферы адукацыі, адначасова завочна вучыўся ў Астрожскай педагагічнай школе, якую скончыў 22.6.1941. У гады вайны ў антыфашысцкай групе. У 1944—1945 гг. у Чырвонай Арміі, двойчы паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў выкладчыкам украінскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе Кастопаля Ровенскай вобласці. Завочна скончыў Ровенскі настаўніцкі інстытут (1949), Львоўскі педагагічны інстытут (1953). Першы верш на ўкраінскай мове апублікаваў у 1956 г. Да выхаду на пенсію ў 1979 г. працаваў у сферы адукацыі ў Валынскай і Ровенскай абласцях.

Зноскі

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі Расіі Катэгорыя·Пісьменнікі Украіны Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты Расіі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be