wd wp Пошук:

Віктар Іванавіч Дарашкевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дарашкевіч. Віктар Іванавіч Дарашкевіч (9 чэрвеня 1949, в. Цёмнае Балота (цяпер Сасновы Бор), Шчучынскі раён — 2003) — беларускі літаратуразнавец, крытык, тэкстолаг, перакладчык. Даследаваў гісторыю, старажытную беларускую літаратуру, лацінамоўную літаратуру Беларусі і Літвы 15-18 стагоддзяў.

Біяграфія

У 1956 годзе вучыўся ў Кірпічоўскай пачатковай школе, потым у Шчанецкай сямігодцы, а 9-10 класы закончыў у Астрынскай СШ.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1971 годзе з адзнакай. З 1971 па 1974 год вывучаў класічную філалогію ў аспірантуры Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1974 года працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

У 1977 годзе ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы абараніў дысертацыю на сашукальніцтва навуковай ступені кандыдата філалагічных навук (шыфр спецыяльнасці 10.01.03 — «Літаратура народаў краін замежжа»).

Навуковая дзейнасць

У канцы 70-х — пачатку 80-х гг. быў вучоным сакратаром Савета па каардынацыі навуковай дзейнасці пры прэзідыуме АН БССР. Склаў першасны праект так званай «скарынаўскай праграмы», да выканання якой пазней далучыліся многія вучоныя Беларусі. В. Дарашкевіч выявіў сямнаццаць лацінамоўных дакументаў, што мелі дачыненне да жыцця ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны, і выдаў іх у супрацоўніцтве з Алесем Жлуткам і Лідзіяй Ляхавай. Выхад з друку ў 1979 г. манаграфіі В. Дарашкевіча «Новалацінская паэзія Беларусі і Літвы: першая палова XVI стагоддзя» стаўся знамянальнай падзеяй у навуковым жыцці Беларусі.” [9, с.163]

У гэтай манаграфія навуковец значную ўвагу надае характарыстыцы творчай дзейнасці Францыска Скарыны, паказу яго ролі ў развіцці ўсходнеславянскага кнігадрукавання і славянскіх літаратур, тыпалагічнаму супастаўленню рэнесансава-гуманістычнага светапогляду ў творчасці Ф.Скарыны і паэтаў- лаціністаў Беларусі 16 стагоддзя. Віктар Дарашкевіч аргументавана выказаў думку, што Ян Вісліцкі аўтар паэмы «Пруская вайна» (1516 г.)  — выхадзец з Беларусі: месцам яго нараджэння вучоны лічыў мястэчка з адпаведнай назвай паміж Клецкам і Пінскам. І такіх адкрыццяў было шмат. [8,с.4]

У гэтым жа годзе друкуецца артыкул «Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі». [5,с.8] У ім, а таксама ў пасляслоўі «Паэма жыцця» да выдання «Песні пра зубра» М.Гусоўскага (1981) было разгледжана пытанне вытокаў і асаблівага светапогляду Ф.Скарыны і М.Гусоўскага  як гуманістаў. [13,с.140]

У трохмоўным выданні «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага В. Дарашкевіч змясціў праграмны артыкул, у якім лацінская пісьмовасць і лацінамоўная літаратура ў гісторыі Беларусі разглядаліся як арганічная частка нацыянальнай культуры. Лацінамоўная  літаратура  прысвечана пераважна творчасці Мікалая Гусоўскага, прынамсі, тут вучоны ўпершыню згадаў імёны Яна Радвана, Францішка Градоўскага, Гальяша Пельгрымоўскага, Міхала (Міхалона) Ліцвіна, Мікалая Кміціча і іншых лацінамоўных аўтараў, даўшы своеасаблівыя арыенціры новым пакаленням даследчыкаў. [ 9,с.169]  (Дадатак 3)

Дарэчы, іменна Віктарам Іванавічам была праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы да друку самой паэмы «Песня пра зубра» і каментарыяў да яе. Практычна, дзякуючы яму паэма ўбачыла свет. Цікава ведаць, што   не так даўно было здзейснена эксклюзіўнае выданне іменна гэтай кнігі М. Гусоўскага «Песня пра зубра», якую рыхтаваў Віктар Іванавіч, з яго каментарыямі. Аб гэтым паведамілі яго сям’і супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук. Кніга выйшла ў Італіі тыражом 1000 экзэмпляраў. Над кнігай працавалі два гады. Акрамя таго, у Беларусі рыхтуецца выданне асобнай кнігай на трох мовах каментарыяў Дарашкевіча В. І. да паэмы «Песня пра зубра» М.Гусоўскага. Усё гэта сведчанне павагі да навуковых пошукаў нашага земляка і сцверджанне сучаснасці яго работы. [14, с.5]

Не менш значнымі былі і іншыя яго дасягненні. Дарашкевіч В. І. быў не толькі выдатны мовазнавец, гісторык, даследчык, але меў і талент паэта, што стала зразумела пасля перакладу «Слова аб палку Ігаравым». Вось словы вядомага рускага паэта, крытыка Ігара Шклярэўскага ў адным з артыкулаў: «Вы, дарэчы, забыліся назваць яшчэ аднаго беларускага перакладчыка „Слова…“. Гэта Віктар Дарашкевіч. Я нічога пра яго не ведаю. Дык вось, пераклад Дарашкевіча, на маю думку, самы дакладны. Хоць у ім няма той паэтычнай вытанчанасці, якая, несумненна, ёсць у перакладзе Барадуліна. Дарашкевіч адчуў рытмы „Слова…“ і пайшоў услед за імі. А гэта вельмі важна, таму што сіла „Слова…“ ў ягоных рытмах. Як яны змяняюцца, як іх цяжка часам злучыць, захоўваючы дакладнасць! Вы сабе нават не ўяўляеце… 

Пераклад Віктара Дарашкевіча конгеніяльны, бо ён паўтарыў фігуры мовы, ён захаваў зменную рытміку. Гэты пераклад, я думаю, у Беларусі яшчэ належна не ацэнены. А калі „Слова пра паход Ігара“ выходзіла ў Маскве на трох мовах — па-руску, па-ўкраінску і па-беларуску, — я выбраў сярод украінскіх пераклад Максіма Рыльскага, а сярод беларускіх — якраз пераклад Дарашкевіча.» [6,с.24]

Менавіта   Віктар Іванавіч Дарашкевіч упершыню паставіў пытанне аб тыпалагічнай блізкасці старабеларускай мовы і мовы «Слова аб палку Ігаравым» і выказаў ідэю, што аўтарам гэтага твора быў хтосьці з Полацкага княства. [4,с.76—84]

Звярнуў на сябе ўвагу навуковага свету і артыкул  «Станаўленне беларускай літаратуры эпохі Адраджэння і традыцыі Кіеўскай Русі». У ім была паказана асноватворная роля старажытных рускіх традыцый у фарміраванні беларускай літаратуры 14-16 стагоддзяў,  у тым ліку і творчасць Ф.Скарыны.

Віктар Дарашкевіч быў навуковым кансультантам энцыклапедычнага даведніка «Францыск Скарына і яго час» (1988), а таксама аўтарам некалькіх артыкулаў для  гэтага даведніка (пра М. Гусоўскага і інш.). Ім быў падрыхтаваны зборнік дакументаў і матэрыялаў пра Скарыну і яго родны, які быў выдадзены асобнай кнігай і таксама ўвайшоў  ў энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час».

Прызнаннем заслуг Віктара Іванавіча ў гісторыі літаратуры трэба лічыць і запрашэнне яго да ўдзелу ў Скарынаўскіх чытаннях у Мінску і Фёдараўскіх чытаннях у Расіі.

Скарынаўскія чытанні — гэта навуковая канферэнцыя, прысвечаная праблемам скарыназнаўства. Адбывалася яна 30-31 кастрычніка 1986 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа АН БССР. Склад удзельнікаў яе вельмі прадстаўнічы, але сярод шэрагу дакладчыкаў не згубіўся даклад нашага земляка В. І. Дарашкевіча «Дакументы пра Скарыну: гісторыя іх адкрыцця, публікацый, інтэрпрэтацый, новыя знаходкі». Даклад увайшоў і  ў Зборнік навуковых прац канферэнцыі.

Фёдараўскія чытанні ў 1977 годзе  былі прысвечаны Францыску Скарыне. Віктар Дарашкевіч выступаў з дакладам «Сувязі Ф.Скарыны з М.Гусоўскім». На аснове матэрыялаў сесіі быў выдадзены штогоднік навуковых прац «Фёдоровские чтения», куды ўвайшоў і даклад беларускага навукоўцы.

Віктара Іванавіча ведаюць і за межамі краіны, ён актыўна публікаваўся ў англамоўных выданнях ЮНЕСКА, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах.

Зразумела, працы гэтыя вядомы больш спецыялістам,  а вось энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час», ці каментарыі да «Песні пра зубра» М.Гусоўскага даступны кожнаму чытачу бібліятэкі. [15,с.564 — 582]

З 1982 года Віктар Іванавіч Дарашкевіч зноў працуе ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі. Увесь свой час аддае ён вывучэнню спадчыны Францыска Скарыны і М. Гусоўскага. Ён прызнаны аўтарытэт у гэтых пытаннях, многа працуе і перспектывы ў яго вялікія. Найбольш важкі доказ гэтаму — прысуджэнне Віктару Іванавічу ў 1994 годзе Дзяржаўнай прэміі РБ. Яе атрымаў калектыў, які працаваў над выданнем даведніка «Францыск Скарына і яго час», і Віктар Іванавіч у тым ліку. [15,с.426]

Вядомы навуковец з добрымі перспектывамі, гонар сям’і і землякоў, аўтар многіх работ і артыкулаў, прызнаных і ацэненых навуковым светам — што яшчэ трэба для шчасця?! Ён любіў сваю працу і шчыра радаваўся нават самым маленькім публікацыям у перыядычным друку. Заўсёды телефанаваў сястры: «Ты там паглядзі, пачытай, было надрукавана…» Шчаслівы, адданы сваёй справе чалавек… Віктар Іванавіч будуе планы на будучыню, збіраецца пісаць доктарскую работу.

Але лёс унёс у жыццё свае карэктывы. Прыйшла хвароба. Страшная, невылечная. Ён змагаўся, як мог. Працаваў увесь час, нават тады, калі прыступы сталі ўжо даволі частымі і невыноснымі. У бальніцу прасіў прывозіць кнігі, пісаў артыкулы і адпраўляў іх у Нацыянальную акадэмію навук. Апошнія гады свайго жыцця Віктар Іванавіч правёў у роднай вёсцы, якую ён так любіў, у доме старэйшай сястры Марыі, якая заўсёды была побач, гатовая прыйсці на дапамогу. Хвароба не давала яму адпачынку, з кожным годам і нават месяцам станавілася ўсё горш…

Смерць Віктара Іванавіча была трагічнай, ён загінуў у агні ў час пажару ў бальніцы 12 кастрычніка 2003 года.

Пахаваны Віктар Іванавіч Дарашкевіч (згодна з яго пажаданнямі) на вясковых могілках на ўскрайку свайго роднага Сасновага Бору, там, дзе, мабыць, ён быў найбольш шчаслівы.

Такім чынам, на аснове праведзеных даследаванняў становіцца зразумела, што Віктар Іванавіч Дарашкевіч унёс вялікі ўклад у развіццё навукі. Ён з’яўляецца адным з першапраходцаў ў вывучэнні лацінамоўнай і стражытнарускай літаратуры, яго гіпотэзы і адкрыцці з’яўляюцца падставай для даследаванняў іншых вучоных і сведчаць аб багатай спадчыне, якая дасталася нам ад продкаў. Яго ўклад высока ацэнены нашай дзяржавай і навукоўцамі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Узнагароды і прэміі

Бібліяграфія

  • Дарашкевiч, В. I. Традыцыi «Слова аб палку Iгаравым» у беларускай лiтаратуры XVI ст. // «Слово о плъку Игоревѣ» у асвятленні дзеячаў беларускай навукі, літаратуры і культуры: Зб. навук. і юбіл. матэрыялаў / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; [Уклад. М. Г. Булахаў]. — Мн.: БДПУ, 2000. С. 86-91.
  • Дарашкевіч,  В. И. Мастацкі помнік Грунвальду //Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975. № 3. С.55-59.
  • Дарашкевіч, В. І. Традыцыі «Слова аб палку Ігаравым» у беларускай літаратуры XVI ст. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1976. № 6. С. 76—84.
  • Дарашкевіч, В. І. «Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі» («Неман»,1979,№ 1). 6.    Дзеяслоў № 60.5.2012 гутарка Міхася Скоблы з Ігарам Шклярэўскі С. 24
  • Дорошкевич, В. И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы : первая половина ХVІ века / В. И. Дорошкевич. — Минск, 1979.
  • Жанна Некрашэвіч-Кароткая\Паэтычнае рэха Грунвальда патрыятычная канцэпцыя паэмы «пруская вайна» Яна Вісліцкага часопіс Роднае слова № 10 2010 г. С.4 = 9.
  • М.Гусоўскі. Песня пра зубра. : Паэмы. — Мінск, 1999 .- С.182 −187
  • Падарожная кніжыца Скарыны. — Мінск, 1990. — С.279 — 280
  • Песня пра зубра : [паэма / прадмова В. Дарашкевіча, Я. Семяжона; пераклад з лацінскай на беларускую, заўвагі і каментарыі Я. Семяжона; пераклад на рускую Я. Семяжона, Я. Парэцкага; мастак А. М. Кашкурэвіч]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. — 140 с.

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 51. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.
  • Республика Беларусь: Энциклопедия в 6 т. Т. 3: Герасименко — Картель / редкол.: Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2006. — 896 с : ил. — ISBN 985-11-0341-1. — ISBN 985-11-0382-9 (Т. 3)  — С. 426
  • М. Г. Булахов «„Слово о полку Игореве“ в переводах на славянские языки XIX—XX вв.»
  • Сцяпанчанка, Г. А. Сухія словы энцыклапедычнага тэксту. Краязнаўчая газета −2013 № 24. С. 5
  • Т. П. Казакова Филологические штудии = Studia philologica : сб. науч. ст. / Ф54 под ред. Г. И. Шевченко, К. А. Тананушко; редкол. : А. В. Гарник [и др.]. — Вып. VII. — Минск: БГУ, 2009. С. 163.
  • Францыск Скарына і яго час : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1998. — С. 274
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be