Віктар Бенядзіктавіч Вальтар
Віктар Бенядзіктавіч Вальтар (15 (28) ліпеня 1902, Дзвінск — 4 красавіка 1931, Даўгаўпілс; Псеўданімы: Янка Палын) — беларускі празаік і паэт.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і краўца. У часы 1-й сусветнай вайны разам з сям’ёй быў бежанцам. Вучыўся ў Харкаўскім рэальным вучылішчы, па вяртанні на радзіму ў 1921 годзе — у Даўгаўпілскай урадавай рускай гімназіі. У жніўні 1922 года скончыў Беларускія дзяржаўныя аднагадовыя настаўніцкія курсы. Пры падтрымцы беларускай дыяспары (найперш Кастанціна Езавітава і Сяргея Сахарава) стаў стыпендыянтам чэшскага ўраду і трапіў у Прагу, дзе паступіў на каморніцкі факультэт Чэшскага вышэйшага тэхнікума. Праз тры гады захварэў на сухоты і, не скончыўшы вучобы, вярнуўся на радзіму.
У 1926—1931 гадах працаваў у беларускіх школах Латвіі: у Плейках, Келаве, Даўгаўпілсе. З 1930 года быў дырэктарам Дадатковай беларускай школы ў Рызе. Памёр 4 красавіка 1931 года і быў пахаваны ў Даўгаўпілсе на каталіцкіх могілках.
Творчасць
Дэбютаваў у 1923 годзе нарысам «Аднабочнікі», які пад псеўданімам Янка Палын быў надрукаваны ў ковенскім часопісе «Крывіч» (№ 4, 5). У 1924 годзе ў пражскай газеце «Студэнцкая думка» апублікаваў абразок «Песня гладыятараў». Быў актыўным супрацоўнікам газеты «Голас беларуса», апублікаваў вершы у калектыўным зборніку «Першы крок» (Рыга, 1926), альманаху «Замежная Беларусь», часопісах «Родныя гоні», «Наша доля» і «Новы Шлях». У 1930 годзе газета «Наша доля» апублікавала яго апавяданне «З-за сена», а ў 1932 годзе пад назвай «Леснікова сена» яно выйшла асобнай кнігай ў Рызе.
Напісаны ў 1920-я гады раман «Роджаныя пад Сатурнам» быў апублікаваны толькі ў 1991—1992 гадах у газеце «Голас Радзімы».
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8.