wd wp Пошук:

Гальяш Пельгрымоўскі

Гальяш Пельгрымоўскі (1564 — пасля 17.8.1604) — грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік.

Біяграфічныя звесткі

Біяграфічных аб ім звестак захавалася няшмат. Нарадзіўся, магчыма, у Ашмянскім павеце. Паходзіў са шляхецкага роду герба Навіна. Вучыўся ў кальвінісцкай школе. Напэўна, атрымаў добрую адукацыю, што дазволіла яму працаваць у каралеўскай канцылярыі.

Удзельнік Лівонскай вайны 1558-83. У 1581 пад камандаваннем Крыштафа Радзівіла прымаў удзел разам з Ф. Кмітам-Чарнабыльскім і А. Рымшам у паходзе ў Расію. Сакратар польскага караля Стэфана Баторыя, у 1583 па яго даручэнні ездзіў у Маскву да Івана IV Грознага. 3 1586 пісар ВКЛ, з 1600 сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Маскве на чале з Л. Сапегам, з 1602 выконваў абавязкі маршалка Літоўскага трыбунала.

Аўтар паэтычных і празаічных панегірыкаў на лацінскай мове, празаічнага дыярыуша на польскай мове «Пасольства Льва Сапегі ў 1600 годзе ў Маскву паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага, Уладзіславам Трэмбіцкім апісанае» (надрук. ў 1846, Гродна). У дыярыушы былі тэксты і на беларускай мове: праект дагавора паміж Польшчай і Маскоўскай Руссю, пералік падарункаў рускаму цару і яго сыну, выступленні Л. Сапегі і Г. Пельгрымоўскага ў прысутнасці цара. Гэтаму падарожжу Гальяш Пельгрымоўскі прысвяціў і вершаваны твор на польскай мове. Ля вытокаў беларускай паэзіі знаходзіцца яго паэма на беларускай і польскай мовах «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601», у якой аўтар раскрывае сістэму погляцаў на міжнародныя адносіны і становішча, справы рэлігіі, свабоды сумлення і інш.

Творчасць

Літаратурную дзейнасць Г. Пельгрымоўскі пачаў у 1583. Пісаў на лацінскай і польскай мовах, у позніх творах выкарыстоўваў і старабеларускую мову.

Лацінамоўная паэма «Панегірык у гонар князя Крыштофа Радзівіла» (Кракаў, 1583) стала літаратурным дэбютам. У гонар Крыштофа Радзівіла Г. Пелырымоўскі апублікаваў яшчэ два панегірычныя творы: «На шлюб найсвятлейшага князя і гаспадара Альберта Радзівіла» (Вільня, друк. Д. Лэнчыцкага, 1585) з нагоды шлюбу Альбрыхта Радзівіла з курляндскай князёўнай Ганнай і «Пасланне да шляхетнага гаспадара Тэадора Скуміна» (Вільня, друк. Я. Карцана, 1586) у гонар Фёдара Скуміна-Тышкевіча. Але самым цікавым з лацінамоўных твораў пісьменніка 1580-х гадоў з’яўляецца празаічны трактат з асобнымі вершаванымі ўстаўкамі «Пра герояў Царквы Божай» (Кракаў, 1585). Трактат прысвечаны жыццю і подзвігам славутых біблейскіх персанажаў і герояў старажытнасці. Аўтар даследуе тут сутнасць гераізму і разглядае яго канкрэтныя праявы ў жыцці чалавека.

У 1590-х гадах Г. Пельгрымоўскі паступова пераходзіць на польскую мову. Пад крыптанімам-псеўданімам «E. P. Philalethes Lithuanie» ён выдае вялікі вершаваны твор на польскай мове «Дыялог літоўскага шляхціца пра Інфлянцкую вайну караля Стэфана з князем маскоўскім…» (Вільня, друк. Я. Марковіча, 1594) і ананімна — зборнік вершаў на лацінскай і польскай мовах «Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай» (1597). Абедзве кнігі падагульняюць тэму Лівонскай вайны.

«Дыялог літоўскага шляхціца…» налічвае каля 2000 радкоў і з’яўляецца, па-сутнасці, падрабязнай хронікай Лівонскай вайны: ад уварвання войскаў Івана IV у Прыбалтыку ў 1558 і да заключэння Ям-Запольскага мірнага пагаднення паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам 6 студзеня 1582. Для нашчадкаў занатаваныя найбольш важныя падзеі вайны (асабліва яе заключнай фазы): падзенне Полацка, вызваленне Полацка, узяцце Вялікіх Лук, няўдалая аблога Пскова, а таксама шматлікія соймы, дыпламатычныя перамовы і г.д. На старонках «Дыялога…» згадваюцца многія героі Лівонскай вайны: Крыштоф Радзівіл Пярун, Філон Кміта-Чарнабыльскі, Канстанцін Астрожскі, Міхал Вішнявецкі і інш. Але асноўную ўвагу паэт засяроджвае на дзейнасці караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя і на апошняй фазе Лівонскай вайны. Такім чынам, Г. Пельгрымоўскі выступіў непасрэдным прадаўжальнікам традыцыі М. Стрыйкоўскага, стварыўшы яшчэ адну — дыялагічную — хроніку ў польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу.

Водгукі падзеяў Лівонскай вайны чуваць і ў ананімна выдадзеным зборніку вершаў на лацінскай і польскай мовах «Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай» (1597), аўтарства якога традыцыйна прыпісваецца Г. Пельгрымоўскаму. Паэтычны твор складаецца з 23 вершаў, цесна звязаных між сабой тэматычна і кампазіцыйна. «Патрыёт Айчыны…» выдадзены пад адной нокладкай у двух варыянтах: лацінамоўным і польскамоўным. Мастацкая сітуацыя ў дэкламацыі Г. Пельгрымоўскага нагадвае паседжанне сената, у якім бяруць удзел Патрыёт Айчыны, Маці-Літва і яе шматлікія дзеці: розныя чемлі Вялікага княства Літоўскага (не толькі ваяводствы, што ўваходзілі ў склад дзяржавы пад канец XVI ст., але і колішнія ўладанні і нават сумежныя тэрыторыі). Тэма выступлення Патрыёта і ўсяго «паседжання сената» — заняпад некалі магутнай дзяржавы, абыякавасць грамадзян да лёсу Бацькаўшчыны.

У вершы «Масконія» паэт з горыччу заўважае, што шматлікія войны, якія з пераменным поспехам вялі паміж сабой гэтыя дзве дзяржавы, былі на радасць «паганым». Менавіта ў саюзе супраць татар і турак бачыць ён трывалую аснову міру паміж дзвюма хрысціянскімі краінамі. І праз некалькі год пасля апублікавання кнігі яму давялося ў складзе пасольства Льва Сапегі адправіцца ў Маскву заключаць вечны мір паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам. Творчым вынікам гэтай паездкі сталі тры творы: празаічны дыярыуш пасольства, кароткі вершаваны дыялог «Гутарка аднаго паляка з маскалём…» і вершаваны дыярыуш «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» (ніводнае з іх не было апублікаванае пры жыцці аўтара).

Менавіта вершаваны дыярыуш «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» (каля 7000 радкоў) стаў найбольш значным творам у літаратурнай спадчыне Г. Пельгрымоўскага. Пад канец паэмы змешчаны дадатак да яе: незавершанае апісанне пасольства Міхаіла Салтыкова-Марозава ў Вільню да караля Жыгімонта III у 1602. Можна меркаваць, што паэма створана незадоўга да смерці аўтара, недзе ў 1602—03. Параўнанне тэксту «Пасольства…» са зместам празаічнага дыярыуша дазваляе зрабіць наступную выснову: вершаваная форма прывяла не толькі да рытмічнага ўпарадкавання празаічнага тэксту і механічнага аздаблення яго рыфмамі, але і да ўзмацнення вобразнасці, мастацкай выраз-насці, да з’яўлення паэтычных штампаў-клішэ, характэрных для эпічнага стылю. Такім чынам, «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» можна разглядаць і як дыярыуш у вершаванай форме, і як эпічную паэму ў форме дыярыуша.

Выключнае месца ў шматмоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу займае вершаваны дыялог Гальяша Пельгрымоўскага «Гутарка аднаго паляка з маскалём на Маскоўскім замку ў годзе 1601» — сінкрэтычны ў жанравых адносінах твор, які ўзнік на сумежжы паэзіі і драматургіі. «Гутарка…», як і вершаваны дыярыуш Г. Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», прысвечана перамовам паслоў Рэчы Паспалітай з маскоўскімі баярамі ў 1600—01. Але гэтым разам паэт выкарыстаў люстэрка сатырычнае, блазенскае: гутарка паляка Івана з маскалём Ігнатам пры ўсёй значнасці закранутых праблем з’яўляецца своеасаблівай пародыяй на перамовы Л. Сапегі з М. Салтыковым, I. Тацішчавым, М. Абаленскім і дзякам Апанасам. У размове Івана з Ігнатам і яго прыяцелямі аўтар «Гутаркі…» у скандэнсаванай мастацкай форме адлюстраваў не толькі змест перамоў Л. Сапегі з баярамі, але і стыль маскоўскай дыпламатыі, які выводзіў з раўнавагі польска-беларускіх паслоў. Ні на адно пытанне Ігнат не адказвае канкрэтна, хваліць маскоўскія парадкі, улазіць у непатрэбныя тэалагічныя дыскусіі, не прыслухоўваецца да аргументаў суразмоўцы, але ўвесь час заклікае яго да братэрскай любові (таксама, як дзяк Апанас заклікаў польска-беларускіх паслоў да братэрскай еднасці на афіцыйных перамовах). Няшчырасць Ігната вынікае з яго халопскай залежнасці ад цара, з яго боязі быць пакараным за размову з іншаземцам. Паляк Іван разумее гэта і нават спачувае суразмоўцу. Пераканаўшыся ў шчырасці і «любові» Івана, Ігнат досыць крытычна выказваецца пра свайго цара, адно просіць новага прыяцеля не выдаваць яго іншым маскалям. Шляхціц Іван дае баярыну слова не выдаваць яго, і на гэтым сустрэча прадстаўнікоў дзвюх палітычных сістэм, адметных культур заканчваецца.

Героі «Гутаркі…» маюць свае характары, вобраз мыслення, манеру размаўляць, прычым размаўляюць яны на розных мовах: Іван — на польскай, Ігнат — на рускай (фактычна на беларускай, бо недастатковае валоданне рускай мовай у аўтара кампенсавалася, відаць, веданнем беларускай мовы). «Гутарка аднаго паляка з маскалём…» засведчыла наяўнасць у Г. Пельгрымоўскага драматургічнага таленту, адлюстравала тэндэнцыю збліжэння літаратурнага дыялога з тэатральным. На сучасную беларускую мову гэты твор пераклаў М. Танк.

Беларускія пераклады

  • Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601 // Полымя. 1994. № 7.

Зноскі

Літаратура

  • Казбярук У. Мастацкі дакумент сярэднявечча // Спадчына. 1992. № 4.
  • Кавалеў С., Казбярук У. Пісьменнік, палітык эпохі рэнесансу // Спадчына № 4, 1992. — С. 28-53.
  • Кавалёў С. У пошуках вечнага міру // Спадчына. 1992. № 4.
  • Саверчанка І. Гальяш Пельгрымоўскі // Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мн., 2007. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
  • Кавалёў С. Гальяш Пельгрымоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: XI — першая палова XVIII стагоддзя / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома В. Чамярыцкі. — 3-е выд., выпр. — Мн., 2010. ISBN 978-985-08-1166-0.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be