Георгій Уладзіміравіч Шыловіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шыловіч.
Георгій Уладзіміравіч Шыловіч (7 студзеня 1924, Мінск - 20 кастрычніка 2011, Мінск) — беларускі пісьменнік, сцэнарыст.
Біяграфія
Нарадзіўся 7 студзеня 1924 года ў Мінску ў сям’і служачага. Да вайны скончыў першы курс Мінскага будаўнічага тэхнікума. Са снежня 1941 г. удзельнік Мінскага падполля, а з сакавіка 1943 г. — партызан у брыгадзе імя Жалезняка на Бягомльшчыне, з 1944 па 1945 гг. служыў у Савецкай Арміі. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1951). Працаваў у рэдакцыях газет «Мінская праўда» (1951—1953), «Зорька» (1953—1964). З 1965 года — адказны сакратар, а ў 1978—1985 гг. — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь». Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1961 года.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Творчасць
Першыя апавяданні надрукаваў у 1948 годзе. Выйшлі кнігі нарысаў, апавяданняў і аповесцей для дзяцей «Твая дарога» (1957), «Запіска на шыбе» (1960), «Школа ля крэпасці» (1962), «Піянерская адвага» (1962), «Праз полымя вайны» (1963), «Сшытак у чорнай вокладцы» (1965), «Чарапаха без панцыра» (1966), «Святло далёкага Алькора» (1973). Напісаў аповесці «Туман ідзе па следу» (часопіс «Беларусь», 1963—1964), «Сустрэча з сонейкам, альбо Аповесць пра Пецьку-флібусцьера і некаторых яго сяброў» (1981), «Падарожжа сярод лета» (1983). У 1986 г. выдадзены аднатомнік выбраных твораў «Школа каля крэпасці».
Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Родныя бярозы не спяць» (1965), «Зялёны патруль» (1966), «Трэба марыць» (1967).
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 11. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).