Здэнек Неедлы
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Неедлы. Здэ́нек Не́едлы (чэшск.: Zdeněk Nejedlý; 10 лютага 1878, г. Літамішль, Чэхія — 9 сакавіка 1962, Прага) — чэхаславацкі гісторык культуры, грамадскі дзеяч. Член Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1907). Замежны член-карэспандэнт АН СССР (1947), шэрагу іншых замежных акадэмій навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Чэхаславакіі 1951.
Біяграфія
Скончыў Карлаў універсітэт у Празе ў 1899 годзе, у 1909—1939 гг. выкладаў у ім. Ініцыятар заснавання ў 1925 годзе і старшыня «Таварыства культурнага і эканамічнага збліжэння з Новай Расіяй». Адзін з кіраўнікоў створанай у 1930 арганізацыі савецка-чэхаславацкай дружбы «Саюз сяброў СССР». Змагаўся супраць пагрозы фашызму і вайны.
У 1939 годзе эмігрыраваў у СССР. У 1939—1945 гг. прафесар Маскоўскага ўніверсітэта і навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН СССР.
З 1945 года прафесар Карлава ўніверсітэта. У 1945—1953 гг. на міністэрскіх пасадах, у 1953 намеснік прэм’ер-міністра, потым член урада (міністр без партфеля) Чэхаславакіі. Заснавальнік і з 1952 года прэзідэнт Чэхаславацкай АН. Старшыня Саюза чэхаславацка-савецкай дружбы, з 1945 года Славянскага камітэта Чэхаславакіі.
Навуковая дзейнасць
Аўтар манаграфій пра Б. Сметану, З. Фібіха, даследаванняў па гісторыі чэшскіх гусіцкіх песень, прац па гісторыі чэшскага і іншых славянскіх народаў, чэхаславацкай культуры, гісторыі музыкі, па эстэтыцы, выяўленчым і тэатральным мастацтве.
Дачыненні з Беларуссю
У 1920-я г. ў Празе выступаў на літаратурных вечарах, прысвечаных Я. Купалу, Я. Коласу, Ц. Гартнаму, з лекцыямі і дакладамі пра Беларусь, беларускую народную песню. У 1925 годзе сустракаўся ў Празе з Я. Купалам і М. Чаротам, у 1927 годзе прыязджаў у Мінск. З 1939 года намеснік старшыні Усеславянскага камітэта, працаваў разам з Я. Купалам, Я. Коласам, К. Крапівой, М. Лыньковым. Аўтар артыкулаў пра Беларусь, яе гісторыю і культуру: «Беларусы» (1927), «БССР» (1929), «Нашы блізкія сябры», «Прывітанне беларусам» (абодва 1944). Падпісаў «Пратэст чэхаславацкіх інтэлігентаў» (1927) супраць расправы над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой.
Зноскі
Літаратура
- Неедлы Здэнак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Здэнек Неедлы