Леанід Галяк
Леанід Галяк (31 кастрычніка 1910, Вільня — 3 красавіка 1980, Стэмфард, штат Канектыкут, ЗША) — беларускі грамадскі дзеяч, юрыст.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Вільні 31 кастрычніка 1910 года (паводле грыгарыянскага стылю).
Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, пасля перайшоў у прыватную польскую гімназію імя Тадэвуша Чацкага, што мясцілася на Пагулянцы на вуліцы Вівульскага, пасля ў дзяржаўнай гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста на рагу Малой Пагулянкі і Буфаловай Гары. Вясною 1929 года вярнуўся зноў у Віленскую беларускую гімназію, якую скончыў у 1930 годзе.
У 1930—1935 гг. вучыўся на хімічным, а пазней юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. У часе нямецкай акупацыі працаваў юрыстам у Мінскай акрузе. Быў удзельнікам Другога Усебеларускага кангрэсу. Падчас вайны захаваў і пазней перадаў асобнік Статуту ВКЛ у беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны ў Лондане: паводле апісальнага ліста, разам з якім у бібліятэку перадалі асобнік, статут быў украдзены ў немца, які сам раней яго ўкраў з мінскай дзяржаўнай бібліятэкі.
З лета 1944 года ў эміграцыі. У 1944—1945 гг. — супрацоўнік Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР. Заснаваў Беларускае бюро ў Брытанскай зоне акупацыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў Саюза беларускіх журналістаў на чужыне і выдання «Летапіс беларускай эміграцыі».
З 1949 года жыў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў і першы рэдактар газеты «Беларус» (1950—1951). Сябра БАЗА, у 1953—1956 гг. уваходзіў ва ўправу Стэмфардскага аддзела арганізацыі. У 1955 г. выйшаў з Рады БНР, а ў наступным годзе і з БАЗА. Спрычыніўся да заснавання Камітэта вызвалення Беларусі.
Аўтар «Успамінаў» (надрукаваныя ў 2-х тамах у 1982—1983 гг.), якія пазбаўленыя палітычнай ангажаванасці і поўныя тонкага гумару ў апісанні побыту ды й характараў беларускіх грамадскіх дзеячоў як у Беларусі, так і на эміграцыі.
Памёр 3 красавіка 1980 г. у Стамфард (Канектыкут). Пахаваны ў Іст-Брансвіку на могілках парафіі Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ.
Літаратура
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
- Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.
Спасылкі
- Леанід Галяк на «Беларускай Палічцы» (бел.)
- Біблійныя пераклады Леаніда Галяка
- Галяк Леанід. Успаміны. Кніга 1. ЗША, Летапіс, 1982.
- Гaляк Леанід. Успаміны. Кнiга 2. ЗША. Летапіс, 1983.