wd wp Пошук:

Леанід Канстанцінавіч Лукша

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лукша.

Леанід Канстанцінавіч Лукша (17 студзеня 1930, в. Хвалава, Пружанскі павет, Палескае ваяводства, Польская Рэспубліка — 18 чэрвеня 2011, Мінск) — беларускі вучоны ў галіне мостабудавання. Доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі БССР.

Біяграфія

Яго бацька ваяваў у Першую сусветную вайну на тэрыторыі Румыніі, быў паранены і накіраваны на лячэнне ў г. Наварасійск, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай — данской казачкай, прывёз яе на сваю родную Пружаншчыну. У сям’і Лукшаў нарадзіліся два сыны і тры дачкі, з іх Леанід быў малодшым.

Закончыў два класы пачатковай польскай школы, затым вучыўся ў Сухопальскай і Шарашоўскай школах. На ўсё жыццё запомніў настаўніка па прозвішчу Янчанка, які складаў вершы, вучыў дзяцей ствараць запамінальныя вобразы.

У дваццацігадовым узросце прыехаў у Мінск, каб атрымаць адукацыю. У 1956 годзе закончыў гідратэхнічны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута. Пасля застаўся ў інстытуце працаваць старшым лабарантам, выкладаў у Мінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме, навучаўся ў аспірантуры Беларускай акадэміі навук. У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Исследование прочности и пластичности бетона в условиях стесненной поперечной деформации».

З 1966 года на працягу дзесяці гадоў выкладаў дзве складаныя дысцыпліны ў Чанстахоўскім палітэхнічным інстытуце (Польшча). За сваю дзейнасць па падрыхтоўцы спецыялістаў-будаўнікоў для ПНР быў уключаны ў «Залатую кнігу тэхнічных навук» і «Залатую кнігу польскай навукі». Чытаў лекцыі студэнтам ва ўніверсітэтах Расіі, Літвы, Украіны, Японіі, Сірыі.

У 1980 годзе ў Маскве абараніў доктарскую дысертацыю «Расчёт прочности железобетонных конструкций с учетом напряженного состояния бетона», атрымаў навуковую ступень доктара тэхнічных навук.

Дзейнасць

Л. К. Лукша — спецыяліст з сусветным імем па праектаванні мастоў і тэорыі канструкцый. У многім ён быў піянерам — у стварэнні полых канструкцый, абслугоўванні чыгуначных мастоў, распрацоўцы жылезабетонных карпусоў ядзерных рэактараў. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых прац па трываласці будаўнічых канструкцый, супраціўленні матэрыялаў, тэорыі трываласці бетонаў і горных парод, тэорыі трываласці трубабетону, 27-мі вынаходніцтваў.

Зрабіў вялікі ўклад у развіццё кафедры мастоў і танэлей у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, якой кіраваў у 1983—1996 гадах. У 1985 годзе атрымаў званне прафесара. Дзякуючы яго намаганням пры кафедры была адкрыта аспірантура, дзе прафесар Л. К. Лукша падрыхтаваў 17 кандыдатаў тэхнічных навук. У 1990 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі БССР».

Прафесар Л. К. Лукша — адзіны беларус, хто двойчы атрымліваў «ганаровае» званне «Чалавек года» (2009, 2010) Амерыканскага біяграфічнага інстытута.

Усё жыццё пісаў вершы. Паэзія для Леаніда Міхайлавіча стала сапраўдным масточкам, праз які можна патрапіць на сваю малую радзіму, у дзяцінства і юнацтва, да сваіх незабыўных землякоў. У Леаніда Канстанцінавіча выйшлі два зборнікі паэзіі «Вдохновение — отдохновение» (2004, 2007). Адзін з вершаў — «Беловежской пуще» — увайшоў у анталогію «Современная русская поэзия Беларуси» (2003). Нямала вершаў прысвечана роднай Пружаншчыне: «Беларусь историческая», «Ода городу Пружаны», «Хвалово», «Беловежской пуще», «Сухополь» і інш. У вершах адчуваецца любоў да роднага краю, жыццёвых вытокаў, светлы сум па далёкім мінулым.

Пасля выхаду на адпачынак Леанід Канстанцінавіч вёў актыўны лад жыцця: працягваў пісаць навуковыя артыкулы, удзельнічаў у саветах па абароне дысертацый, у 80 гадоў ездзіў на веласіпедзе, гуляў у шахматы, пісаў вершы і рамансы, іграў на гітары і нядрэнна спяваў. Выхаваў двух сыноў і дачку.

Зноскі

Літаратура

  • Лукша Леанід Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 367. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
  • Мацяш, У. Апошні верш прафесара Лукшы : [памяці Л. К. Лукшы] / Уладзімір Мацяш // Раённыя будні (Пружаны). 2015. 17 студзеня. С. 4.
  • Антаноўскі, М. Мост памяці : [пра Л. К. Лукшу] / Мікола Антаноўскі // Раённыя будні (Пружаны). 2012. 20 чэрвеня. С. 3.
  • Антонаў, М. Мост у маладосць : [пра Л. К. Лукшу і яго паэтычную творчасць] / Мікола Антонаў // Раённыя будні (Пружаны). 2010. 13 лістапада. С. 3
  • Столярчик, К. Профессор с гитарой : [пра Л. К. Лукшу] / Константин Столярчик // Вечерний Минск. 2010. 16 декабря.
  • Лукша, Л. К. Учебно-методическое пособие для индивидуальной работы студентов по курсам «Искусственные сооружения на дорогах» — для студентов специальности 29.10 ; «Строительство автомобильных дорог и аэродромов» и «Проектирование автодорожных мостов и труб» — для студентов специальности 29.11 — «Мосты и транспортные тоннели» / Л. К. Лукша, Л. Г. Расинская. Минск. 1992. 42 с.
  • Лукша, Л. К. Прочность трубобетона / Л. К. Лукша. Минск : Вышэйшая школа, 1977. 96 c.
  • Лукша, Л. К. Расчет прочности железобетонных конструкций с учетом напряженного состояния бетона : автореф. дис. на соиск. учен. степ. д-ра техн. наук : 05.23.01 / Л. К. Лукша ; Всесоюз. заоч. инженер.-строит. ин-т. Москва, 1980. 32 с.
  • Лукша, Л. К. Исследование прочности и пластичности бетона в условиях стесненной поперечной деформации : автореферат диссертации, представленной на соискание ученой степени кандидата технических наук / Л. К. Лукша ; Академия наук Белорусской ССР, Отделение технических наук. Минск. 1962. 20 c.
  • Ждан, Е. Портрет, пейзаж, натюрморт : [альбом] / Евгений Ждан; вступ. ст. Л. К. Лукши. Минск : Энциклопедикс, 2010. 52 с. : ил.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be