Лявон Сцяпанавіч Лобік
Лявон Сцяпанавіч Лобік (крыптанімы: Л.; Л.Л-к; 1871, вёска Кукавічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, цяпер Капыльскі раён, Мінская вобласць — сакавік 1918, Капыль) — беларускі паэт, публіцыст.
Біяграфія
Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў на Случчыне. З 1905 года далучыўся да сацыял-дэмакратычнага руху. За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905-07 гадоў сасланы на 3 гады ў Краснаярскі край. Потым Лобіку было дазволена пасяліцца ў паволжскім гарадку Чорны Яр. Пасля сканчэння тэрміну высылкі жыў у Пінску; пазней пераехаў у родную вёску. З 1910 года супрацоўнічаў з газетай «Наша ніва». Аўтар вершаваных апавяданняў «Залом у жыце» (1911), «Лекар-ведзьмар» (1912), якія вызначаюцца вострай сацыяльнай накіраванасцю, крытычным пафасам. Быў сталым карэспандэнтам газет на Случчыне, Капыльшчыне, Нясвіжчыне. Як удзельнік беларускага руху быў арыштаваны і зняволены ў турме ў Вільні. У ссылцы і турмах падарваў здароўе, хварэў на сухоты. Пахаваны ў Капылі.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.