wd wp Пошук:

Лямант на смерць Лявона Карповіча

Тытульны аркуш

«Лямант на смерць Лявона Карповіча», Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого… отца Леонтия Карповича — твор беларускай літаратуры XVII ст., паэма, напісаная невядомым аўтарам і апублікаваная Віленскай брацкай друкарняй у канцы 1620 г.

Прысвечана памяці царкоўна-рэлігійнага дзеяча і пісьменніка-палеміста эпохі контррэфармацыі Лявонція Карповіча. Складаецца з «ляманту»-плачу па нябожчыку і маналога-суцяшэння ад імя Лявонція праваслаўнаму насельніцтву Вільні, дзе ён жыў і працаваў. Твор элегічна-панегірычны. Аплакванне смерці Лявонція перарастае ў паэме на ўслаўленне яго як чалавека высокіх маральных якасцей, дзейнага, мужнага і самаахвярнага змагара за веру сваіх продкаў. Аўтар падае вобраз галоўнага героя ў духу жыційнай літаратуры і ўзнімае яго да ўзроўню ідэальнага хрысціянскага святога. Заключная частка «Ляманту» мае выразны публіцыстычна-дыдактычны характар: паэт ад імя нябожчыка заклікае жыць сумленна і высакародна, свята берагчы нацыянальна-рэлігійныя традыцыі свайго народа. Паводле агульнай накіраванасці паэма была вельмі надзённай, сугучнай часу — перыяду цяжкай барацьбы беларускага народа з феадальна-каталіцкай рэакцыяй, што набліжае яе да твораў палемічнай літаратуры. Твор вызначаецца глыбокай эмацыянальнасцю і пранікнённым лірызмам, яркай, паэтычнай-вобразнай мовай. Яму ўласцівы некаторыя рысы барока: кантрастнасць (спалучэнне ўзвышанага і будзённага, кніжнага стылю з жывой беларускай мовай), вобразы антычнай і біблейскай міфалогіі, тыпова барочныя эпітэты, метафары і параўнанні. Напісана 13-складовым сілабічным вершам з выразнай тэндэнцыяй да танізацыі, якая выяўляецца ў прыкметнай харэічнай яго аснове.

Літаратура

  • Тэкст паэмы
  • Чамярыцкі, В. «Лямант на смерць Лявона Карповіча» / Вячаслаў Чамярыцкі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч / Рэдкал: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-е выданне. — Мн.: БелЭн, 2007. — 792 с.: іл. — С. 236 — 237. — ISBN 978-985-11-0394-8.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэмы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be