Максім Грэк
Максі́м Грэк (свецкае імя — Міхаі́л Трыво́ліс, грэч.: Μιχαήλ Τριβώλης; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12 снежня 1555) — пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў.
Жыццё
Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 годзе па запрашэнні вялікага князя Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэчаскіх кніг.
За збліжэнне з царкоўнай апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 гг. вязень манастырскіх турмаў.
Кананізаваны Рускай праваслаўнай царквою (1988).
Творчасць
Літаратурная спадчына Максіма Грэка — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філасофскія і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтаксічнымі зваротамі.
Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царкоўных феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і іншыя).
Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — галоўная крыніца для больш позніх рускіх азбукоўнікаў.
Творы Максіма Грэка былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен…» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» былі выдадзены ў Магілёве (1625).
Зноскі
Літаратура
- Максім Грэк // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 544.
- Иванов А. И. Литературное наследие Максима Грека. — Л., 1969.
- Громов М. Н. Максим Грек. — М., 1983.
- Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. — М., 1983.