Ман’ёсю
Ман’ёсю — старэйшая і найбольш шануемая анталогія японскай паэзіі, складзеная ў перыяд Нара. Іншая назва - «Збор мірыяд пялёсткаў». Складальнікам анталогіі або, сама меней, аўтарам апошняй серыі песень лічыцца Атома-но Якамоці, вершы якога датуюцца 759 годам. «Ман’ёсю» таксама змяшчае вершы ананімных паэтаў больш ранніх эпох, але большая частка зборніка прэзентуе перыяд ад 600 да 759 гадоў.
Зборнік падзелены на 20 частак або кніг, па прыкладзе кітайскіх паэтычных зборнікаў свайго часу. Аднак у адрозненне ад больш позніх збораў вершаў, «Ман’ёсю» не разбіта на тэмы, а вершы зборніка не размешчаны ў храналагічным парадку. Зборнік змяшчае 265 цёка («доўгіх песень-вершаў») 4207 танка («кароткіх песень-вершаў»), адну танрэнга («кароткую злучную песню-верш»), адну бусокусэкіка (вершы на адбітку ногі Буды ў храме Якусі-дзі ў Нара), 4 кансі (汉诗, «кітайскія вершы») і 22 кітайскія празаічныя пасажы. Таксама, у адрозненне ад пазнейшых зборнікаў, “Ман’ёсю” не мае прадмовы.
«Ман’ёсю» з’яўляецца першым зборнікам ў японскім стылі. Гэта не азначае, што песні і вершы зборніка моцна адрозніваюцца ад кітайскіх аналагаў, якія ў той час былі стандартамі для паэтаў і літаратараў. Мноства песень «Ман’ёсю» напісаныя на тэмы канфуцыянства, даасізму, а пазней нават будызму. Тым не менш, асноўная тэматыка зборніка звязана з краінай Ямата і сінтаісцкімі каштоўнасцямі, такімі як шчырасць (макота) і адвага (масураобуры). Напісаны зборнік не на класічным кітайскім вэньяне, а на старояпонскай мове пісьмом ман’ёгана, ранняй японскай пісьменнасці, у якой японскія словы запісваліся падобнымі па гучанні кітайскімі іерогліфамі.
Вершы «Ман’ёсю» звычайна падзяляюцца на чатыры перыяды. Сачыненні першага перыяду датуюцца адрэзкам гістарычнага часу ад праўлення імператара Юраку (456-479) да перавароту Тайка (645). Другі перыяд прадстаўлены творчасцю Какінамота-на Хітамара, вядомага паэта VII стагоддзя. Трэці перыяд датуецца 700-730 гадамі і ўключае ў сябе вершы такіх паэтаў як Ямабэ-но Акахіта, Атома-но Табіта, Такахасі Мусімара іЯманоуэ-но Акура. Апошні перыяд - гэта вершы паэта Атома-но Якамоці 730-760 гадоў, які не толькі напісаў апошнюю серыю вершаў, але таксама адрэдагаваў частку старажытных вершаў зборніка.
Літаратура
- Katō Shūichi: A history of Japanese Literature. Vol.1, Kodansha International, Tokyo, New York, London, 1981 ISBN 0-87011-491-3