wd wp Пошук:

Марыян Станіслаў Абрамовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абрамовіч. Марыян Станіслаў Абрамовіч (польск.: Marian Stanisław Abramowicz) (25 сакавіка 1871 (13 сакавіка), Цвер, Расія — 7 студзеня 1925, Варшава, Польшча) — рэвалюцыянер-народнік, публіцыст, дзеяч культуры Беларусі і Польшчы.

Біяграфія

Вучыўся ў Маскве — спачатку ў гімназіі, потым з 1888 года на матэматычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, дзе ўзначальваў гурток сацыялістычнага кірунку ў маскоўскім польскім коле. Захоплены ідэямі народнікаў, вывучаў на Навагрудчыне беларускую мову. Быў вельмі актыўны ва ўсталяванні сувязей з палітычнай эміграцыяй, дзеля гэтага неаднаразова выязджаў у іншыя гарады і за мяжу. 9 сакавіка 1890 года арыштаваны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і зняволены ў маскоўскай турме «Бутырка». У турме ўдзельнічаў у заснаванні беларускага гуртка моладзі. У Тыльзіце (ва Усходняй Прусіі) выдаваў агітацыйную літаратуру, а потым перапраўляў яе ў Расію. Там у студзені 1892 года пад назваю «Дзядзька Антон» выдаў беларускі пераклад польскай публіцыстычнай брашуры «Бацька Шыман», а таксама польскамоўныя «Kilka uwag» i «Jan Skiba». Наведаў Берлін, Франкфурт, Жэневу, Цюрых, Львоў, Кракаў, набываючы сацыялістычныя выданні на польскай, рускай і яўрэйскай мовах. У канцы красавіка 1892 года прыехаў у Варшаву, дзе 2 мая арыштаваны царскай паліцыяй у Лазенкаўскім парку падчас расклейвання патрыятычных адозваў. Два гады пад следствам адбыў у Варшаўскай цытадэлі, а затым быў асуджаны на 3 гады зняволення ў пецярбургскай турме «Крэсты» і 6 гадоў пасялення ў Сібіры ў Верхаянску.

У 1894 годзе быў адным з трох вязняў, якія адмовіліся прысягаць новаму імператару Мікалаю ІІ. У час ссылкі ў Верхаянску вёў метэаралагічныя даследаванні, што дазволіла яму вярнуцца ў Еўропу пры дапамозе Расійскай АН. Пасля вяртання са ссылкі кіраваў у Пецярбургу рабочай кнігарняй «Праца». У рэвалюцыю 1905—1907 гадоў забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыялістычнай партыяй і расійскімі рэвалюцыйнымі партыямі. З 1908 года жыў у Варшаве. Арыштоўваўся за ўдзел у арганізацыі Народнага ўніверсітэта. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы ў 1918 года займаўся архіўнай і бібліятэчнай справамі. Меў вялікую ўласную бібліятэку (каля 8 тысяч тамоў), дзе захоўваліся рэдкія беларускія выданні.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Публіцысты Польшчы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be