Мікалай Мікалаевіч Багародскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Багародскі. Мікалай Мікалаевіч Багародскі (14 (2) чэрвеня 1877, в. Барыса-Глеб, Бежацкі павет, Цвярская губерня — 27 лістапада 1937, Віцебск, НКУС) — беларускі гісторык, краязнавец, публіцыст.
Вучыўся на гістарычным аддзяленні Маскоўскай духоўнай акадэміі (скончыў у 1904). Вучань В. В. Ключэўскага (пакінуў пра яго ўспаміны). У 1904-1917 выкладаў у Віцебскай духоўнай семінарыі лацінскую мову і царкоўную даўніну. Тады стаў актыўна займацца грамадскай дзейнасцю па захаванні і папулярызацыі віцебскіх старажытнасцей: з 1908 грамадскі загадчык царкоўна-археалагічнага сховішча старажытнасцей; у 1910 стварыў у семінарыі гурток царкоўнай даўніны; адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909—1918). Рэдактар неафіцыйнай часткі «Полоцких епархиальных ведомостей» (1914—1916). У 1918—1928 працаваў настаўнікам у Віцебску, у 1928-1937 у Віцебскім культурна-гістарычным музеі, адначасова ў 1930—1937 у Віцебскім гістарычным архіве. Аўтар артыкулаў пра гісторыка А. Сапунова, гісторыю Віцебскай духоўнай семінарыі. 1.11.1937 арыштаваны; загінуў у засценках НКУС. Рэабілітаваны ў 1956.
Зноскі
Літаратура
- Падліпскі А. М. З любоўю да роднага края // ПГКБ. 1981, ? 2; ЭГБ, т. 1.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.