Мікола Антонавіч Чарнецкі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чарнецкі. Не блытаць з Мікалай (Чарнецкі).
Міко́ла Анто́навіч Чарне́цкі (22 мая 1899, в. Малыя Азяраны, каля Крынак — 19 студзеня 1944, Беластоцкая вобласць, БССР) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, педагог.
Біяграфія
Паходзіў з сялянскай сям’і. У 1918 годзе скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. З 1919 года актывіст Грамады беларускай моладзі ў Гродне, сябра БПСР. Да 1921 года знаходзіўся ў бежанстве ў Расіі, дзе загінула ўся яго сям’я.
Скончыў курсы на атрыманне атэстата за сярэднюю школу ў Юзафове. З 1921 года жыў у Празе. З 1923 года вучыўся ў Пражскім універсітэце. Скончыўшы ўніверсітэт, абараніў дысертацыю «Польска–маскоўская вайна 1632—1634 гадоў» са ступенню доктара філософіі (1929). Удзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны ў Празе. Член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіў у замежнае бюро БПСР у Празе (1923—1929).
У 1929 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, працаваў настаўнікам беларускіх гімназій у Радашковічах і Клецку. У 1931—1939 гадах жыў у Вільні, дзе разам з А. Аніськам выдаваў часопіс «Золак». За дзейнасць у беларускім нацыянальна–вызвольным руху пераследаваўся польскімі ўладамі.
У 1939 годзе савецкія ўлады прызначылі яго дырэктарам школы ў в. Крынкі, з 1940 года — кіраўніком асветы Крынкаўскага раёна. Арыштаваны НКУС, уцёк з-пад арышту. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку. Удзельнік беларускага нацыянальнага падполля.
Па-зверску забіты польскімі тэрарыстамі 19 студзеня 1944 года. Пахаваны на Праваслаўных могілках у Беластоку.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — С. 142. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Ёрш С. Мучанік за беларускую ідэю // Ніва. 1996, 10 сак.
- Choruży W. Mikołaj Czarniecki (1899—1944) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 1998, № 9.