Мікола Воранаў
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Воранаў.
Мікола (Мікалай Гаўрылавіч) Воранаў (нар. 13 снежня 1936, вёска Віры, Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць) — беларускі пісьменнік.
Біяграфія
Пасля заканчэння сямігодкі працаваў у леспрамгасе, Задзвінскай МТС, служыў у ВМФ на Балтыцы. Пасля дэмабілізацыі супрацоўнічаў у суражскай, аршанскай, сенненскай раённых газетах, незадоўга да выхаду на пенсію — у шаркаўшчынскай раённай газеце «Кліч Радзімы».
Літаратурнай працай пачаў займацца ў 1952 годзе. Яго вершы і замалёўкі друкаваліся ў часопісе «Советский моряк», газетах «Страж Балтыкі», «Советский флот».
Першае апавяданне «Прымак» апублікавана ў 1963 годзе ў газеце «Віцебскі рабочы». Выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Ветраны дзень» (1976), «Перад адлігай» (1984). У часопісе «Маладосць» надрукаваны аповесці «Завея», «Вадалазы», у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» — апавяданні «Чалавек з дарогі», «Цёплая восень», «Раннія замаразкі», «Суседзі» і іншыя.
Апавяданні Міколы Воранава перакладаліся на балгарскую, рускую, украінскую, чувашскую мовы.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8.
- Воранаў Мікола // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад рэд. А. В. Мальдзіса. — Мн., 1993. — Т. 2. — С. 50-52.