wd wp Пошук:

Нічыпар Еўдакімавіч Пашкевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пашкевіч. Нічы́пар Еўдакі́мавіч Пашке́віч (12 снежня 1924, в. Філістава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці — 5 лютага 2003; Псеўданімы: П. Зелянькоўскі, А. Каліна, К. Кветка, А. Крушына) — беларускі літаратуразнаўца, журналіст.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1939 годзе паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча. Вучоба перапынілася з-за 2-й сусветнай вайны, у 1942 годзе ўступіў у партызанскі атрад імя Катоўскага брыгады «Граза», якая дзейнічала ў Талачынскім раёне. Быў байцом, памочнікам камісара атрада па камсамолу, камісарам атрада. Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам талачынскай раённай газеты «Чырвоны хлебароб», а з 1945 г. — загадчыкам аддзела рэдакцыі абласной газеты «Віцебскі рабочы». У 1946—1948 гг. вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Загадваў аддзелам у газеце «Віцебскі рабочы». У 1951 г. скончыў завочна гістарычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Працаваў у газеце «Звязда» загадчыкам аддзела, адказным сакратаром рэдакцыі (1951—1956). У 1960 г. скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (Масква). У 1960—1961 гг. — рэдактар аддзела культуры і быту «Экономической газеты», у 1961—1969 гг. — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1969—1972 гг. рэдактар газеты «Правда» па аддзелу прэсы, крытыкі і бібліяграфіі. З 1972 г. — першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Литературное обозрение», з 1974 г. — намеснік дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1976 г. — рэктар Мінскага інстытута культуры. У 1979—1987 гг. — галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г. Памёр у 2003 г.

Творчасць

З артыкуламі выступаў ў друку з 1948 г. Аўтар кніг «На шырокіх шляхах жыцця» (1965), «На эпическом направлении» (Масква, 1969).

Узнагароды

  • Ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі.
  • Заслужаны работнік культуры БССР (1974).
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1966) за кнігу крытычных артыкулаў «На шырокіх шляхах жыцця».

Зноскі

Літаратура

  • Пашкевіч Нічыпар // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А. В. Мальдзіса. — Мн., 1993. — Т. 4. — С. 512—515.
  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 12. — Мінск, 2001.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 4. — Мінск, 1987.
  • Беларуская савецкая энцыклапедыя : [у 12 т.] Т. 8. — Мінск, 1975.
  • Белорусское кино : персоналии. — Минск, 2007.
  • Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 2. Витебская область. В 2 кн. Кн. 2. — Минск, 2010.
  • Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.] Т. 5. — Минск, 2007.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be