Стафан Алендскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Алендскі. Стафан Але́ндскі (каля 1720, в. Мачуліна, цяпер Ваўкавыскі раён — 2 верасня 1763) — дзеяч кальвінісцкай царквы.
Біяграфія
Скончыў Слуцкую гімназію, вучыўся ў Парыжскім універсітэце (Сарбона). Пасля вяртання на радзіму ў 1745 годзе атрымаў сціплую пасаду старасты сітнаўскага (цяпер в. Малое Сітна Полацкага раёна). З прычыны пратэстанцкага веравызнання Алендскі не здолеў ва ўмовах Контррэфармацыі зрабіць значную кар’еру. У 1743 годзе ажаніўся з Ганнай Людвікай Красінскай (памерла ў 1756), дачкой старосты гомельскага і прапойскага Мікалая Красінскага.
У 1757 годзе ў Сітне Алендскі пераклаў з французскай на беларуска-польскую макаранічную мову 2-ю частку культавай кнігі пратэстантаў Еўропы «Шлях пілігрыма» брытанскага пратэстанта Джона Баньяна. Гэты пераклад (польск.: «Droga pielgrzymującego chrześcianina do wieczności błogosławionej») выйшаў у Караляўцы (Кёнігсбергу) у 1775 годзе і стаў асновай для перакладу на мазурскі (прускі) дыялект польскай мовы ў 1900 годзе. Магчыма, Алендскі — аўтар іншых перакладаў і выданняў гэтай друкарні.
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 22. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Алендскі Стафан // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.