wd wp Пошук:

Сцяпан Міхайлавіч Міско

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Міско. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Місько. Сцяпан Міхайлавіч Міско (Місько) (18 студзеня 1930, в. Чамяры, Слонімскі раён — 2010) — кандыдат мастацтвазнаўства, культуролаг, вывучаў гісторыю тэатра ў Беларусі.

Ранняе жыццё і адукацыя

Сцяпан Міско нарадзіўся 18 студзеня 1930 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, пасля скончыў школу № 1 Слоніма і Мінскі інстытут замежных моваў. Пасля заканчэння інстытута Сцяпан Міско вярнуўся ў Слонім. У пасёлку Альберцін (цяпер мікрараён Слоніма) у сярэдняй школе шэсць гадоў выкладаў французскую, нямецкую, беларускую і рускую мовы.

У 1958 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Затым працаваў у гэтым інстытуце (завочна вучыўся ў дактарантуры на кафедры тэатра народаў СССР у Маскоўскім інстытуце тэатральнага мастацтва. У 1962 годзе ў Кіеве ў Максіма Рыльскага абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вытокі беларускага народнага тэатра». Апублікаваў больш за сотню артыкулаў у рэспубліканскіх газетах, часопісах, зборніках і альманахах, прысвечаных беларускаму тэатру, літаратуры, жывапісу, музыцы. Напісаў доктарскую дысертацыю на тэму «Беларускі тэатр ад вытокаў да першай паловы XVIII стагоддзя», але абараніць яе Сцяпан Міско не паспеў.

Пераслед з боку КДБ і КПБ

У 1974 годзе быў звольнены з працы з Акадэміі навук БССР, дзе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам. Сведчанні Міско:«Нас выгналі тады за „неправильные взгляды по национальному вопросу“, — расказаў неяк мне Сцяпан Міхайлавіч. — Выгналі мяне, Міколу Прашковіча з Інстытута літаратуры, Валянціна Рабкевіча з БелСЭ, Алеся Каўруса з Інстытута мовазнаўства, Міхася Чарняўскага з Інстытута гісторыі. Патраслі некаторых хлопцаў і ў Гародні. Мяне трымалі ў КДБ роўна 6 дзён і ўсё вялі допыт. Зрэдку адпускалі паесці, а пасля зноў дапытвалі. А пасля, як п’яніцу, адправілі на 10 дзён спачатку ў медвыцвярэзнік, а пасля — убіраць смецце і працаваць на Мінскім маторным заводзе. А потым адпусцілі…»

Віна Сцяпана Міско, паводле інфармацыі КДБ, заключалася ў нацыяналістычнай пазіцыі (фактычна ў тым, што ў сваіх публікацыях у перыядычным друку і ў публічных выступленнях на з’ездах творчай інтэлігенцыі, Сцяпан Міско адстойваў правы беларускай мовы, казаў пра яе нераўнапраўнае становішча ў БССР). Міско прымаў актыўны ўдзел на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Нёман» у дыскусіях пра лёс нацый і моў, дзе практычна раскрытыкаваў афіцыйную канцэпцыю таталітарнага рэжыму пра зліццё моў як беспадстаўную і псеўданавуковую. Сцяпан Міско крытыкаваў вядучых артыстаў Беларускага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія дрэнна гаварылі па-беларуску на сцэне. Па ўспамінах Міско, самае галоўнае тады для КДБ было арганізаваць нацыяналістычную групоўку.

Міско выклікалі на бюро ЦК КПБ перад пленумам 1974 года. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў расказваў Міско пра «адзіны савецкі народ», пра «адну мову» і г.д. А потым пачаў крычаць на яго: «Нашёлся свядомый белорус. Поживёшь два года без работы, вот посмотрим, как ты запоёшь… Ты думаешь, если бы ты стал руководителем республики, так сразу все и заговорили бы на белорусском языке…» Сцяпан Міско працягваў адстойваць свае погляды. Пасля размовы з Машэравым у бюро ЦК КПБ ён не мог на працягу 2 гадоў уладкавацца на працу. Тады ўладкаваўся ў Дзяржаўны музей БССР. А перад пенсіяй — працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў выдавецтве «Універсітэцкае».

Выданні

У 2000 годзе асобным выданнем выйшла з друку кніга Сцяпана Міско «Школьны тэатр Беларусі XVI—XVIII стст.». У ёй даследуецца тэатральнае мастацтва Беларусі перыяду сярэднявечча. Кніга складаецца з трох раздзелаў. У першым раздзеле распавядаецца пра тое, як узнік школьны тэатр і што сабой уяўляў яго рэпертуар. У другім раздзеле асаблівую ўвагу ўдзяляецца аналізу інтэрмедый, якія ляглі ў аснову прафесійнай беларускай драматургіі. А ў трэцім раздзеле ў скарочаным выглядзе даецца змест асобных інтэрмедый.

Зноскі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be