Сымон Міхайлавіч Белы
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Белы. Сымон Міхайлавіч Белы (1929, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці — 18 кастрычніка 2005) — беларускі пісьменнік. Заслужаны настаўнік БССР (1968).
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Сын Міхася Казіміравіча Белага (1886–1966, вясковая мянушка — Зімок) і Юзэфы Міхайлаўны з Міцкевічаў, роднай сястры Я. Коласа. Меў братоў Міхася і Лявона. Скончыў сярэднюю школу ім. Я. Коласа (1952), Інстытут замежных моў (1956). Па рэкамендацыі Я. Коласа паехаў працаваць у г.п. Радашковічы настаўнікам англійскай мовы. Пражыў у Радашковічах амаль 50 гадоў, з іх 38 гадоў працаваў у школе. Абіраўся дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. З 1982 г. няштатны карэспандэнт газеты «Мінская праўда». З 2000 г. — карэспандэнт навукова-практычнага часопіса «Изобретатель». Быў карэспандэнтам «Народнай газеты», на месцы жыхарства арганізаваў карэспандэнцкі пункт, які спыніў існаванне пасля смерці заснавальніка. З 1996 г. — членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Старшыня Міжнароднага фонду Якуба Коласа, сябра Рады ЗБС «Бацькаўшчына».
Пахаваны ў гарадскім пасёлку Радашковічы побач са сваім трохгадовым сынам Сашам.
Творчасць
На пачатку 1970-х гг. пачаў пісаць нарысы, артыкулы, замалёўкі аб працаўніках сельскай гаспадаркі, вытворчай працы, ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Друкаваўся газетах і часопісах: «Полымя», «Маладосць», «Вожык» і інш.
Аўтар кніг «На бацькоўскай зямлі» (1993), «Нам засталася спадчына» (1999), «Родныя карані» (2001). Таксама напісаў кнігу «Коласаў радавод», амаль падрыхтаваў да выдання, але не паспеў выдаць яе пры жыцці, у кнізе шмат унікальных звестак.
Узнагароды
За дасягнутыя ў педагогіцы поспехі неаднакроць узнагароджаны ганаровымі граматамі, у т.л. граматамі ВС БССР. Указам Прэзідыума ВС БССР ад 22 сакавіка 1968 г. С. Беламу было прысвоена званне Заслужанага настаўніка БССР.
Зноскі
Літаратура
- Белы С. М. На бацькоўскай зямлі: Успаміны. — Мн.: Маст. літ., 1993. — 190 с., 8 л.iл.